У пачатку снежня супрацоўнікі ГУБАЗіКа затрымалі адміністратара «Карнікаў Беларусі» — аднаго з тэлеграм-каналаў, дзе публікаваліся персанальныя даныя сілавікоў. Ім аказаўся 15-гадовы жыхар Любані Іван Шашко.

Паколькі хлопец непаўналетні, яго не так проста прыцягнуць да крымінальнай адказнасці, а тым больш змясціць за краты.

Цяпер Іван знаходзіцца за мяжой у сваякоў мамы, адкуль пагадзіўся расказаць сваю гісторыю «Нашай Ніве». «Мяне білі нямоцна, толькі разбілі губу, — расказаў ён. — Як уцёк? Гэта было на мяжы фантастыкі. Расказаць больш — гэта падставіць нерэальна крутых хлопцаў. Літаральна выслізнуў у вушка голкі», — кажа ён.

«НН»: Раскажыце, як у галаве 15-гадовага хлопца з правінцыі з'явілася ідэя весці тэлеграм-канал «Карнікі Беларусі»?

Іван Шашко: Я глядзеў на падзеі 9-11 жніўня і проста не мог заставацца ў баку. Я за справядлівасць, асуджаю гвалт і хацеў неяк падтрымаць рэвалюцыю. Зайшоў у канал да Сцяпана Пуцілы, і ўбачыў там інфармацыю пра «Карнікаў Беларусі». Мне вельмі спадабалася задума гэтага канала, і я вырашыў скапіяваць яго. Я моцна натхніўся гэтым, таму цалкам пераймаў яго.

«НН»: Інфармацыю вы проста капіявалі ці была і ўласная?

ІШ: Першапачаткова цалкам капіяваў з канала, так было прыкладна да 5 верасня. Потым стварыў свайго бота, і тады ўжо людзі пачалі дасылаць мне інфармацыю. Ну і гэтак жа працягваў браць інфармацыю з асноўнага, збіраў архіў карнікаў.

«НН»: Вы да гэтага лета-восені неяк палітыкай мінімальна цікавілася? А за прэзідэнцкімі выбарамі сачылі?

ІШ: Не, мне 15 гадоў, я нарадзіўся не проста ў перыяд праўлення Лукашэнкі, а нават пасля змен Канстытуцыі.

«НН»: Не страшна было весці канал «Карнікі», знаходзячыся ў Беларусі? Ці думалі, што вас не знойдуць?

ІШ: Першапачаткова я верыў, што мы пераможам хутка, агульнымі намаганнямі, і пратэсты не зацягнуцца так доўга. Страху не было, думаў што мяне не знойдуць.

«НН»: Раскажыце як вас затрымліваў ГУБАЗіК? Гэта было з прымяненнем сілы ці не?

ІШ: На той момант я быў адлічаны з любанскага сельскагаспадарчага ліцэя, але, як мне сказалі, у Інспекцыі па справах непаўналетніх яшчэ будуць нейкія пытанні. Таму мяне не зусім збянтэжыла тое, што мяне паклікалі ў РАУС падпісаць «дакументы». Я сказаў, што не змагу прыйсці туды, таму супрацоўнік ІСН прапанаваў прыехаць да мяне, я пагадзіўся.

Ён прыязджае, кліча мяне да сябе ў машыну. На вуліцы тады было холадна, таму я нічога не падазраваў. Як толькі я сеў да яго ў машыну, на мяне ззаду накінуўся супрацоўнік АМАПа, і пачаў заломваць рукі, пытаўся: «Ведаеш, за што затрыманы?» Побач з ім сядзеў другі супрацоўнік АМАПа, ён камусьці патэлефанаваў і сказаў: «Мы яго ўзялі».

Пасля гэтага пад'ехалі дзве машыны, з якіх выйшла яшчэ 8 чалавек, сем супрацоўнікаў АМАПа і адзін супрацоўнік ГУБАЗіКа. Мы зайшлі ў дом, яны пачалі клікаць бацьку, пыталіся ў яго пра канал. Пашанцавала, што бацька быў ні пры чым. Яны праглядзелі яго тэлефон, спрачаліся з ім пра нешта, я быў у іншым пакоі.

«НН»: Ці білі вас?

ІШ: Так, але нямоцна, разбілі губу, у асноўным проста пагражалі, на шчасце, далей пагроз не дайшло. Сказалі падпісаць дакументы на ператрус, выклікалі панятых, правялі ператрус за хвіліну, і павезлі мяне з бацькам у Мінск, у розных машынах.

Па дарозе мяне распытвалі пра канал, пагражалі, пыталіся, колькі мне плацілі за вядзенне канала.

«НН»: Чаму вас выключалі з Ліцэя?

ІШ: Не хадзіў на заняткі, увесь вольны час прысвячаў каналу.

«НН»: Палохалі крымінальнай справай, што могуць пасадзіць надоўга ў турму?

ІШ: Казалі, што ў мяне ёсць шанцы застацца на волі, але яны вельмі малыя. І нават калі я застануся на волі, то мне будзе вельмі дрэнна і я сам буду прасіцца ў турму, а там, як яны сказалі, мяне «згнояць». Гэта казалі супрацоўнікі АМАПа. Яшчэ казалі, мне шанцуе, што няма 18, інакш бы яны мяне проста «прыбілі».

«НН»: Як з'явіўся варыянт з відэа, якое яны запісалі?

ІШ: Яны запісвалі два відэа: адно дома, пры затрыманні, яны скінулі яго ў свае чаты, другое відэа запісалі перад допытам у Мінску.

«НН»: Ці ёсць ідэі, як на вас маглі выйсці? Можа, нехта здаў?

ІШ: Хутчэй за ўсё, мяне зліў правайдар. Мяне ў чаце майго канала прасілі паглядзець курсы даляра і біткоіна, я зрабіў запыты ў Гугле і скінуў іх у чат. Магчыма, супрацоўнікі запыталі ў правайдара спіс IP-адрасоў, з якіх рабіліся запыты «курс даляра» і «курс біткоіна» у такі час. Правайдар скінуў ім спіс, і яны пачалі па ім працаваць, выйшлі на мяне, зрабілі дэталізацыю званкоў, і пераканаліся, што я іх мэта.

«НН»: Запыт зрабіць прасіў правакатар? Я чуў, што вы вельмі замарочаныя па лічбавай бяспецы.

ІШ: Не думаю, магчыма, гэта быў просты чалавек, а супрацоўнікі гэтым скарысталіся. Пра лічбавую бяспеку — праўда, але я не ўсё прадбачыў.

«НН»: Што хацелі міліцыянеры? Каб вы здалі іншых адмінаў ці чагосьці іншага?

ІШ: Так, іх цікавілі адміністратары і крыніцы інфармацыі. Адміністратараў я не раскрыў, а бота ачысціў за пару дзён да затрымання.

«НН»: Колькі вас агулам трымалі і калі адпусцілі?

ІШ: Допыт вялі 3,5 гадзіны, пасля чаго адпусцілі дадому.

«НН»: Цяпер вы ў бяспечным месцы?

ІШ: Так, цяпер я ў бяспецы.

«НН»: Гэта замежжа?

ІШ: Усё правільна.

«НН»: Раскажыце, як атрымалася выехаць?

ІШ: Гэта было на мяжы фантастыкі. Расказаць больш — гэта падставіць нерэальна крутых хлопцаў. Але гэта была прыгода. Ведаеце, мне сказалі, што калі-небудзь мы зможам называць услых імёны нашых герояў. Мабыць, тады я змагу сказаць як гэта было. Але запэўніваю вас, выбраўся я цудам. Літаральна выслізнуў у вушка голкі.

«НН»: Адначасова вы з’яўляецеся адмінам Аб’яднанага саюза рэвалюцыі. Наколькі я ведаю, гэта радыкальныя паблікі ў тэлеграме аб’ядналі свае намаганні. Раскажаце трошку пра іх?

ІШ: АСР — гэта складана, гэта супольнасць людзей, якім я абавязаны сваім жыццём і свабодай. Але я разумею, што вы хочаце пачуць. Гэта сапраўды рэвалюцыйны рух, але, на жаль, большага сказаць не магу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?