У інтэрнэце з'явіўся аўдыязапіс нарады ва ўпраўленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па Віцебскай вобласці, прысвечанай барацьбе з беларускай нацыянальнай сімволікай.

Супрацоўнікаў МНС мабілізуюць на пошук бел-чырвона-белых сцягоў і пратэсных графіці. 

Кіраўнікоў раённых аддзелаў МНС інструктуюць не толькі таму, дзе і як трэба шукаць сцягі, але і настойліва патрабуюць паведамляць у міліцыю, як толькі бачаць сімволіку ўнутры кватэры, дамоў і балконаў. Гаворыцца пра тое, што рэйды па пошуку сімволікі павінны адбывацца штодзённа, а справаздачы ў Мінск пра колькасць выяўленай сімволікі і прынятыя меры будуць высылацца двойчы на дзень. 

Больш за ўсіх на нарадзе выступае чалавек з голасам, падобным да голасу начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Мялешкіна Сяргея Мікалаевіча. «Нягледзячы на тое, што гэта першы дзень майго адпачынку, вырашыў вось так яго правесці», — кажа ён.

«Шэраг грамадзян дазваляе сабе парушаць заканадаўства, развешваючы на шматкватэрных дамах, на вокнах розную важную для іх сімволіку, тым самым зніжаючы проціпажарны рэжым, які склаўся на дадзеных будынках…» — кажа ён.

«Сёння гэта асноватворная задача, — тры разы паўтарае ён. — Гэта пачатак пачаткаў».

Удзельнікі нарады тут жа самі сабе пярэчаць.

Праз хвіліну яны ўжо забываюць пра «зніжаны проціпажарны рэжым», а гавораць пра «спакой» і «надпісы».

«Праводзім рэйды па ўсіх населеных пунктах рэгіёна з мэтай выяўлення недзяржаўнай сімволікі, — працягвае чалавек, якога прадставілі як «Андрэй Уладзіміравіч». — Пры выяўленні прымаем меры па яе зняцці з выкарыстаннем усіх наяўных сіл і сродкаў. Гэта можа быць вісець не толькі палатно, але можа быць напісана, намалявана фарбай, таму выкарыстоўваем лакафарбавыя матэрыялы для замалёўвання гэтых усіх недзяржаўных сімвалаў».

Начальнікі МНС настойліва, тры разы, загадваюць інфармаваць міліцыю пра кожную спробу людзей перашкодзіць знішчэнню нацыянальнай сімволікі.

Удзельнікам нарады некалькі разоў падкрэсліваюць, што гэта «першачарговая задача» для МНС. Чалавек з голасам, падобным да Мялешкіна, адзначае, што «найгоршая» сітуацыя з «гэтым» у Наваполацку, Віцебску, Оршы і Лепелі. 

«Ходзяць, крычаць пад вокнамі, пяюць песні… Чаму я не магу спакойна спаць? — так абгрунтоўваў патрэбу ў «жорсткай» барацьбе з нацыянальнай сімволікай ён. — Чаму я не магу выйсці і, міліцыя не дае рады, сам разабрацца з імі? А ўжо ў мяне такое жаданне ёсць».

«Ёсць задача, гэта асноўная задача, увайсці ва ўзаемадзеянне, шчыльнае ўзаемадзеянне з кіраўнікамі аддзелаў унутраных спраў, мы вам пра гэта казалі яшчэ ў суботу», — гавораць у аўдыязапісе.

Асобна ён раздражнёна спыняецца на тых байцах і афіцэрах, якія «вядуць размовы» крытычнага характару і недвухсэнсоўна намякае, што іх будуць звальняць.

Мяркуючы па тым, што аўдыязапіс з'явіўся ў інтэрнэце, не ўсе ў МНС моўчкі пагаджаюцца з прымусам удзельнічаць у палітычным пераследзе грамадзян.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0