Урад Украіны ўвядзе ўзмоцнены каранцін з 8 па 24 студзеня 2021 года, паведамляе Українська правда.

Улада не лічыць патрэбным уводзіць лакдаўн у снежні, улічваючы тое, што ідзе некаторае зніжэнне ўзроўню захворвання.

У той жа час, каб разарваць ланцуг захворвання, які можа ўзнікнуць пасля святаў, плануецца зрабіць больш жорсткімі абмежаванні ў студзені наступнага года.

Мяркуецца, што з 00 гадзін 8 студзеня па 00.00 25 студзеня 2021 года будзе забаронена:

  • наведванне навучальных устаноў, акрамя дашкольнай адукацыі і спецыяльных устаноў,
  • праца кафэ, бараў, рэстаранаў (акрамя дастаўкі і заказаў на вынас),
  • праца гандлёва-забаўляльных цэнтраў (дазволены толькі гандаль прадуктамі харчавання, лекамі, у тым ліку ветэрынарнымі, таварамі асабістай гігіены і бытавой хіміяй), забаўляльных устаноў, салонаў прыгажосці, фітнес-залаў, басейнаў, кінатэатраў,
  • гандаль нехарчовымі таварамі, праца нехарчовых рынкаў, калядных кірмашоў.

Грамадскі транспарт працягне працаваць. Таксама будуць працаваць прадуктовыя крамы, аптэкі, банкі, паштовыя аператары, гасцініцы. Цырульні маюць права працаваць па папярэднім запісе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0