Валянцін Аскірка асудзіў гвалт і патрабаваў новыя выбары.

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце Валянцін Аскірка працаваў ад 1997 года, калі скончыў там жа магістратуру і паступіў у аспірантуру.

Спадар Валянцін выкладаў агульную фізіку і ўсе яе раздзелы як для студэнтаў-фізікаў, гэтак і для біёлагаў, матэматыкаў. Апошнія пару гадоў з’яўляўся вядучым спецыялістам для студэнтаў-першакурснікаў фізіка-тэхнічнага факультэта. Займаўся навуковай дзейнасцю, хоць і не дужа актыўна.

Сам Аскірка кажа, што пэўнае незадавальненне кіраўніцтва ВНУ мела да яго, бо ён так і не здолеў абараніцца. Тым не менш цяпер больш за 270 студэнтаў падпісаліся ў падтрымку звольненага выкладчыка.

«Дзесьці чалавек 15 — гэта ўжо выпускнікі, а астатнія — студэнты 1-4 курсаў. Я падлічыў, што гэта прыкладна палова студэнтаў, у якіх я выкладаў», — кажа Аскірка.

Характэрна, што амаль ад пачатку працы Аскірка выкладаў фізіку выключна па-беларуску. «З завочнікамі часам даводзілася пераходзіць на рускую, а вось дзённае амаль заўсёды па-беларуску, хіба выключэнне, калі ў групе туркменскія студэнты. Я тады пачынаў лекцыю з верша на беларускай мове, а працягваў па-руску», — кажа выкладчык.

Раней, кажа, былі прэтэнзіі ад кіраўніцтва за беларускую мову, але апошнія пяць-шэсць гадоў яны зніклі. «Мова — гэта не так важна. Галоўнае — жаданне паразумецца. Я магу выкладаць фізіку на чатырох мовах: беларускай, рускай, англійскай, польскай. Мова для мяне не праблема».

Валянцін Аскірка, сябар БСДП «Грамада», гаворыць, што гісторыя ягонага звальнення вельмі доўгая. У пачатку 2000-х ён актыўна ўдзельнічаў у вулічных акцыях у Гродне, у 2001 далучыўся да выбарчай кампаніі Сямёна Домаша, у 2003 — быў сябрам каманды Сяргея Антусевіча на мясцовых выбарах, у 2004 — сам вылучаўся на парламенцкія выбары (па Гродзенскай-Цэнтральнай акрузе выбары тады афіцыйна не адбыліся), у 2006 — быў даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна.

«З 2006 года я спыніў удзел у адкрытай палітычнай дзейнасці», — кажа Аскірка. Ён вырашыў, што выкладанне ва ўніверсітэце для яго ў большым прыярытэце. «Так было да жніўня гэтага года», — гаворыць выкладчык.

«У самой прэзідэнцкай кампаніі я ніяк не ўдзельнічаў, толькі паставіў подпісы як грамадзянін. Аднак пасля 9 жніўня стала зразумела, што проста далей працаваць як раней ужо немагчыма».

13 жніўня восем выкладчыкаў ГрДУ накіравалі ліст у прафсаюз работнікаў навукі і адукацыі, у ім было ўсяго два пункты — каб былі прызнаныя фальсіфікацыі выбараў, а таксама асуджаны гвалт супраць мірных дэманстрантаў. Ужо на наступны дзень з імі сустракалася кіраўніца абласной арганізацыі прафсаюзаў Вера Грычэшка, надта канструктыўнай размову нельга было назваць. Напрыканцы жніўня Аскірка выйшаў з шэрагаў прафсаюзаў.

У сярэдзіне жніўня студэнты ГрДУ стварылі анлайн-петыцыю з патрабаваннем справядлівых выбараў і асуджэннем гвалту, Аскірка быў сярод тых, хто яе падпісаў. Праз нейкі час студэнтаў запрасілі на размову да рэктаркі ўніверсітэта Ірыны Кітуркі, на сустрэчы прысутнічаў таксама новапрызначаны старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік. Студэнты прынеслі раздрукаваныя плакаты са збітымі людзьмі. «Каранік казаў: аб’ядноўвайцеся, рэгіструйцеся, а то з кім размаўляць».

Ірына Кітурка запэўнівала, што нікога, у тым ліку Аскірку, за палітыку звальняць не будзе. «Толькі прыгаворвала, Валянцін Фёдаравіч, вы на гэтым хочаце зарабіць палітычныя дывідэнды».

У верасні на фізіка-тэхнічным факультэце адбывалася сустрэча з рэктаркай, яна нібыта і не тычылася палітыкі, але Кітурка прагаварыла, каб кідалі чытаць тэлеграм-каналы. «Тады я не вытрымаў і папрасіў даць мне слова. Я хацеў пачаць з цытавання верша Леаніда Філатава, але мне сказалі, што мітынгаваць я буду на плошчы Леніна. У выніку слова мне так і не далі. Я тады сабраў манаткі і сышоў з памяшкання», — расказвае Валянцін.

25 верасня яго запрасілі да трох прарэктараў, якія агучвалі заявы, нібыта напісаныя на Аскірку. Першая была ананімкай, напісанай ад рукі, а другая — ад кіраўніцы выхаваўчага аддзелу Котавай. У абодвух выпадках нібыта выкладчык прамаўляў абразлівыя словы ў дачыненні да студэнтаў. За гэта Аскірка атрымаў першае папярэджанне. Другое было атрыманае за нібыта распаўсюд незарэгістраванай друкаванай прадукцыі. Сам Аскірка кажа, што ніякіх выданняў ён, вядома ж, не распаўсюджваў.

У выніку працоўная дамова з выкладчыкам скасаваная з моманту сканчэння кантракта — 2 снежня. Літаральна праз дзень яму патэлефанавалі з універсітэта, каб ён забраў свае рэчы, бо ўваход у ВНУ ўжо забаронены. Хаця з Аскіркам была заключаная дамова падраду выканання прац на навуковую тэму, у выніку яе таксама скасавалі.

Якія цяпер планы? «Буду далей выкладаць, прыдумаю якім чынам. Прапановы ўжо маю», — кажа Аскірка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?