7 снежня ў Брэсце абвясцілі прысуд 70-гадоваму Аляксандру Кавалевічу, які абвінавачваўся ў гвалце ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі з помсты за выкананне службовай дзейнасці. Летась абвінавачаны ўжо атрымаў месяц арышту за тое, што абліў бензінам работніка аддзела прымусовага выканання. Нагода для двух нападаў была адна і тая ж — штраф за кіраванне незарэгістраваным мапедам, піша Tut.by.

Фота Аксаны Бровач, kp.by

Фота Аксаны Бровач, kp.by

Суд прызнаў пенсіянера, якога судзілі за тое, што ў ліпені гэтага года стрэліў некалькі разоў з феерверку ў начальніка міжраённага аддзела ДАІ Юрыя Шыкунца, вінаватым і прызначыў 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Да яго таксама вырашылі прымяніць прымусовыя меры бяспекі і лячэння — як да «асобы, якая ўчыніла злачынства ў стане зменшанай адэкватнасці».

Лячыць Аляксандра Уладзіміравіча будуць па месцы адбыцця пакарання.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Нагадаем, 70-гадовага Аляксандра Кавалевіча ў снежні мінулага года ўжо судзілі за гвалт у дачыненні да супрацоўніка аддзела прымусовага выканання. Матывам нападаў сталі штрафы, якія прызначылі яму ў 2019 годзе за язду на мапедзе. Транспартны сродак Аляксандр Уладзіміравіч не зарэгістраваў, страхоўку на яго не афармляў, але ў горад выязджаў.

У адзін з такіх выездаў яго спынілі інспектары ДАІ. На пенсіянера аформілі пратаколы за язду без рэгістрацыі і страхоўкі.

Аляксандра Уладзіміравіча выклікалі ў ДАІ на разгляд. Там абвінавачаны ў першы раз убачыў пацярпелага. Пра тое, як развіваліся падзеі ў кабінеце Юрыя Шыкунца, у бакоў розныя версіі. Пенсіянер настойвае, што на яго тлумачэнні не звярнулі належнай увагі. Інспектар з гэтым не пагадзіўся. Юрый Шыкунец у судзе растлумачыў, што выслухаў правапарушальніка, перадаў рэквізіты для аплаты штрафаў і патлумачыў, куды звярнуцца для рэгістрацыі мапеда.

З ДАІ абвінавачаны выйшаў са штрафам у памеры 100 рублёў. Па двух пратаколах яму прызначылі мінімальнае грашовае спагнанне: адна базавая за адсутнасць рэгістрацыі і тры — за страхоўку.

Аляксандр Уладзіміравіч пастанову не абскардзіў. У судзе пенсіянер растлумачыў, што на аплату штрафаў у яго не было грошай: маўляў, у месяц яму налічваюць блізу 300 рублёў пенсіі, частку з іх ён выдаткоўвае на камуналку.

Тэрміны на добраахвотную аплату штрафаў выйшлі, і матэрыялы накіравалі для прымусовага спагнання. У выніку ў пенсіянера аўтаматычна зрэзалі чарговую пенсію. Гэта абурыла Аляксандра Уладзіміравіча. Ён прыйшоў у раённы аддзел АПВ, дастаў з пакета бутэльку з бензінам — і выліў змесціва на галаву 28-гадоваму судоваму выканаўцу, які нават не разглядаў гэтую справу. На шчасце, малады чалавек не пацярпеў. У снежні мінулага года пенсіянера прызналі вінаватым у пагрозе гвалтам у дачыненні да службовай асобы з помсты і прызначылі месяц арышту. Тэрмін Аляксандр Уладзіміравіч адбыў, але крыўда засталася.

27 ліпеня гэтага года пенсіянер прыехаў у МРЭА, дачакаўся, пакуль з калідора сыдуць іншыя, падпаліў кнот і падышоў да кабінета Юрыя Шыкунца. Калі «рымская свечка» пачала «страляць», пенсіянер накіраваў яе ў бок інспектара.

Адзін з снарадаў закрануў інспектара па плячы. Пасля гэтага Юрый Шыкунец падбег да нападніка і адвёў феерверк у бок. Аляксандра Уладзіміравіча затрымалі і надзелі кайданкі. На пытанні пацярпелага ён адказваў абразамі і пагрозамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0