Tut.by

Tut.by

На жаночым маршы 19 верасня Наталля Хершэ сарвала балаклаву з амапаўца, пасля чаго на яе завялі крымінальную справу. Сёння яна выступіла ў судзе Савецкага раёна Мінска з апошнім словам. Суд вёў Сяргей Шаціла, піша Радыё Свабода.

Пры затрыманні, паводле службовага рапарта, жанчына не падпарадкавалася патрабаванню супрацоўнікаў прайсці ў спецтранспарт і «аказала супраціў з гвалтам» у дачыненні да байца АМАПа Сяргея Кончыка: вырывалася і ўпіралася, падрапала 22-гадоваму міліцыянту твар, сцягнула з яго балаклаву, тым самым сапсаваўшы форменнае абмундзіраванне, і нанесла «цялесныя траўмы».

Жанчына сваю віну не прызнала ў тым, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваным мітынгу і нібыта нанесла амапаўцу цялесныя пашкоджанні. Заявіла, што ўдзельнічала ў мірнай акцыі пратэсту і спрабавала зняць балаклаву.

«Я жыву ў еўрапейскай дэмакратычнай краіне, дзе свабода слова і мірных сходаў безумоўна выконваюцца і вызначаныя Канстытуцыяй, дзе паліцэйскія не хаваюць свае твары пад маскамі і абараняюць сваіх грамадзянаў. Спадзяюся, гэта будзе і ў свабоднай, вольнай Беларусі», — сказала Наталля ў апошнім слове.

Першае судовае пасяджэнне прайшло 4 снежня. Пракурор прасіла прысудзіць Наталлі Хершэ 2 гады 6 месяцаў пазбаўлення волі, а таксама сплаціць пацярпеламу амапаўцу 1000 рублёў кампенсацыі маральнай шкоды.

Памер драпіны каля вока быў даўжынёй 1 сантыметр, кошт балаклавы — 1 рубель, прагучала на першым судовым пасяджэнні з матэрыялаў справы.

Першапачаткова пацярпелы Сяргей Кончык запатрабаваў ад Наталлі Хершэ 100 рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды, аднак ужо падчас пасяджэння павысіў суму да 1000 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0