Сярод грамадзян, затрыманых 6 снежня падчас хапуну на вуліцах Мінска, браты Андрэй і Арцём Партоны. У міліцыі валанцёрам паведамілі, што братоў прывезлі ў Цэнтральнае РУУС Мінска.

Яны — сыны дзеяча пралукашэнкаўскай журналістыкі Дзмітрыя Партона.

У пачатку 2000-х Партон узначальваў прэс-службу Міністэрства ўнутраных спраў — у часы Юрыя Сівакова і Уладзіміра Навумава. Пасля рабіў кар’еру ў Маскве, але ўрэшце вярнуўся. Быў намеснікам галоўнага рэдактара «Советской Белоруссіі» (2012-2017), кіраўніком інтэрнэт-вяшчання СТБ (2017-2018), а цяпер працуе намеснікам генеральнага дырэктара агенцтва «Мінск-Навіны».

Апроч таго, Дзмітрый Партон разам з прэс-сакратаром Следчага камітэта — вядучыя праекта «Прычыны і следства з Партонам і Ганчаровай». Яны расказваюць пра «найбольш заўважныя правапарушэнні ў Мінску і Беларусі, пра іх прававыя і сацыяльныя наступствы, грамадскі рэзананс».

Яго сыны ў датычнасці да прапаганды не заўважаныя.

Старэйшаму, Андрэю, 27 гадоў. Ён займае пазіцыю дырэктара па прыцягненні карыстальнікаў і манетызацыі рэкламы ў беларускай IT-кампаніі Apalon.

Малодшаму, Арцёму, 20 гадоў. Некалькі гадоў разам з братам ён займаўся лагістычным бізнэсам.

Карэспандэнту «Нашай Нівы» ў сям’і патлумачылі, што хлопцы проста ішлі на стаянку, калі іх схапілі сілавікі. З аддзялення міліцыі браты пакуль так і не выйшлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0