Раман Маскадыня
Летам Раман Маскадыня пакінуў у суполцы «Салігорск.org» каментар, у якім даў негатыўную характарыстыку знешнасці намесніка начальніка мясцовага РУУС Сяргея Салаўя.
У той дзень салігорская міліцыя разганяла ланцуг салідарнасці з рэпрэсаванымі палітыкамі.
А 23 лістапада Маскадыню за той каментар судзілі па артыкуле 369 Крымінальнага Кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады).
Заяву, мяркуючы па матэрыялах суда, падаў сам Салавей, які ўбачыў допіс пра сябе ў інтэрнэце і каментары пад ім.
Суддзя Вольга Пракаповіч палічыла, што за такі каментар Маскадыню трэба аштрафаваць на 5400 рублёў.
Сяргей Салавей запрасіў 3000 рублёў кампенсацыі, суддзя задаволіла яго просьбу часткова — на 2000 рублёў.
Такім чынам, агульны рахунак за каментар у сацсетках — 7400 рублёў.
«Мне далі максімальны штраф. Сам Салавей у суд не з’явіўся — нібыта быў на самаізаляцыі. Я віну прызнаў і раскаяўся, а рашэнне суда магу патлумачыць толькі так: у дзяржавы няма грошай», — сказаў «Нашай Ніве» Маскадыня.
На карысць дзяржавы канфіскавана таксама «прылада злачынства» — тэлефон iPhone 7.





