Пасля трох месяцаў зняволення ўвечары 1 снежня з-пад варты вызвалілі палітвязня Алега Мазгова, фігуранта справы па артыкуле 293 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі»), паведамляюць праваабаронцы.
Аднак Мазгоў застаецца падазраваным па крымінальнай справе. Яму абраная мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе.
Алегу — 25 гадоў, да затрымання працаваў у Мінску фітнес-трэнерам, займаўся боксам. Да арышту Алег уладкаваўся на другую працу грузчыкам, каб зрабіць дома рамонт і падрыхтавацца да нараджэння дзіцяці.
Як распавядала жонка, раней Алег не займаўся грамадскім актывізмам, а 9 жніўня ён выйшаў на вуліцы Мінска ў знак нязгоды з вынікамі выбарамі, а праз тры тыдні пасля гэтага яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі.
«Затрымалі Алега 1-га верасня наўпрост на працы. Дома я была адна, спала. Мяне абудзілі і падманам прымусілі адчыніць дзверы. Калі адкрыла, то адштурхнулі ад дзвярэй і пачалі пераварочваць кватэру. Забралі ўсю тэхніку: ноўтбук і планшэт. Іх да гэтага часу не вярнулі», — расказвала яна.
17 верасня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Алега Мазгова палітычным вязнем.





