30 лістапада ў кватэру Іллі Рокача пагрукаўся міліцыянт. Іллю адвезлі ў РУУС, адтуль — на Акрэсціна. А на наступны дзень суд даў яму штраф. Нагодай стаў бела-чырвона-белы сцяг, які вісеў на лоджыі ў кватэры Рокача.

Ілля Рокач

Ілля Рокач

«Наша Ніва» пагаварыла з Іллёй пра затрыманне і яго стаўленне да падзей у краіне.

«Я былы супрацоўнік Цэнтральнага РАСК. І ўсіх супрацоўнікаў РУУС Цэнтральнага раёна я ведаў.

Калі наш «госць» з міліцыі пазваніў у дзверы, я спачатку падумаў, што гэта сусед. Ён быў у масцы — не ў балаклаве, а «антыкавіднай» — але па вачах я пазнаў, што гэта знаёмы ўчастковы. Прозвішча называць не буду. Ён прыйшоў па мяне — што ж зробіш, такі яго выбар.

Ён пазнаў мяне, кажа: «О, прывітанне!» — згадвае Ілля. — Я спытаў, навошта ён прыйшоў. Адказ быў: «Праз вось гэтае вось». Маўляў, пра сімволіку. Кажа, давай, паехалі.

Я сказаў, што не паеду. Тады ўчастковы паведаміў, што забярэ маю жонку і мы з ёй удвух паедзем. Я зрабіў простую выснову, што паеду лепш адзін».

Рокача вывелі ў двор, на «бобіку» адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Яго «госць» прыехаў туды ж на іншай машыне.

«Ён склаў на мяне пратакол аб прыцягненні да адміністратыўнай адказнасці. У ім гаварылася, што я «ў нявызначаны час праводзіў публічнае масавае мерапрыемства, а канкрэтна — пікет на балконе. Пікет праводзіўся шляхам выстаўлення сцяга бела-чырвона-белага колеру на шкле балкона».

Я з гэтага пасмяяўся ў голас, — кажа Ілля. — Для мяне як для юрыста гэта было дзіка, бо пікет як паняцце мае быць у публічным месцы. Каб я хаця б адкрыў вокны і там, дапусцім, скакаў са сцягам і крычаў лозунгі — ну тады яшчэ ладна, можа быць. Але ж у мяне закрытая лоджыя, гэта нават не балкон. Гэта проста частка кватэры, а не публічнае месца. Ну і як яны вызначылі, што праводзіў пікет, але не змаглі вызначыць калі? «У нявызначаны час» — гэта калі? Чэрвень, жнівень, верасень? Ці пазаўчора?

Натуральна, я напісаў, што з пратаколам не пагаджаюся. Звярнуў увагу на ўсе парушэнні таксама: што мне не далі копію пратакола, асабісты вобшук правялі без панятых.

Пасля мяне адправілі ў дзяжурную частку — у камеру. Там я прасядзеў да 3-й гадзіны ночы без вады і ежы. Пасля перавезлі на Акрэсціна».

Асаблівага стаўлення да сябе Ілля Рокач не заўважыў ані ў РУУСе, ані на Акрэсціна. Тое, што ён былы следчы, не паўплывала ні на што.

«Шмат хто з супрацоўнікаў РУУСа пазнаваў мяне. Пыталіся, што я там раблю. Я адказваў: 23.34, палітычны артыкул. Яны пасмейваліся, маўляў, «а, ты за «гэтых».

Вось што я б адзначыў — што ідзе паціху падзел на «тых» і «гэтых». У некаторых міліцыянтаў, якія казалі, што я нібыта «з гэтых», я намагаўся высветліць: а хто такія «гэтыя»? Але адэкватнага адказу так і не атрымаў, — расказвае Ілля Рокач. — На Акрэсціна да мяне ставіліся нармальна, па-чалавечы, канваіры нават былі ветлівыя».

1 снежня Рокача судзілі. Разглядаў справу суддзя Аляксандр Петраш, вядомы тым, што удзельнікам Маршаў амаль без выключэнняў раздае суткі.

Але Ілля атрымаў штраф у 30 базавых.

«З улікам таго, што адбываецца ў краіне, я чакаў любы вынік. Ставіўся да гэтага як да жыццёвага этапу, які трэба прайсці — ну калі суткі, то што ж зробіш. Адвакату я адразу сказаў, што калі будуць суткі, то прысуд абскарджваць не буду.

Можа, я неяк гэта запраграмаваў і суддзя Петраш мяне ўнутрана змог пачуць? — кажа Рокач. — Бо ў мяне зараз бацькі і малодшы брат хварэюць на «карону», я іх фінансава падтрымліваю.

Але я чамусьці адчуваў недзе ўнутры, што дадуць мне 15 базавых і ў тры гадзіны я выйду з ІЧУ. Далі ў выніку 30 базавых і адпусцілі ў 4 гадзіны. Таксама няблага».

Ці здыме цяпер Ілля сцяг з лоджыі? «А вось не ведаю, падумаю», — смяецца Ілля.

Ён кажа, што галоўная выснова ад усіх гэтых падзей: прыйсці могуць да кожнага.

«Я з 4 па 11 клас хадзіў на Алімпіяды па гісторыі, выдатна ведаю, што такое бел-чырвона-белы сцяг. І словы пра гэты сцяг і фашыстаў — ну камон, рабяты! Элементы «Пагоні» ёсць і на гербе Сапегаў — але ж рэшткі замкаў Ружанах не руйнуюць цяпер.

Таму для мяне пасля гэтых судоў усё яшчэ незразумела — як і навошта можна затрымліваць людзей за сцягі?», — кажа Ілля.

Рокач адпрацаваў следчым з 2016 па 2019 год. Цяпер яму 25, ён працуе намеснікам дырэктара юрыдычнай фірмы і «шчыльна ў айці».

«Я працаваў следчым з 20 гадоў. Звольніўся ў 2019. На пачатку працы ў мяне былі свае ідэалы, мары. Я вучыўся, атрымаў ступень магістра, рыхтаваў кандыдацкую па расследаванні хабарніцтва, пасля планаваў паступаць у аспірантуру. Але паціху ідэалы развеяліся, бо кожны дзень ты тонеш у дакументацыі, кожны дзень змагаешся з чымсьці — а менш гэтага не становіцца.

Ну і фінансы. Памер зарплаты ў 2019 годзе быў прыкладна 1100—1200 рублёў.

І ўсё гэта назбіралася, і я зразумеў, што ёсць яшчэ шмат шляхоў, па якіх я магу ісці», — расказвае Ілля.

«Наша Ніва» пацікавілася: як былы следчы ставіцца да таго, што па справе забітага Тарайкоўскага бясконца праводзіцца праверка, а збітым і параненым у жніўні цяпер адмаўляюць у завядзенні крымінальных спраў?

«Мне цяжка штосьці казаць. Я не разумею, што адбываецца. Калі ёсць труп — мусіць быць праверка і крымінальная справа. Тое ж і са збітымі людзьмі, асабліва ўлічваючы колькасць і цяжкасць цялесных пашкоджанняў.

Але я проста не ведаю, што зараз адбываецца ў СК, я даўно не стасаваўся з былымі калегамі. Таму мне цяжка гэта каментаваць», — кажа Ілля Рокач.

А ці чакае ён, што хоць хтосьці з сілавікоў будзе пакараны за свае дзеянні?

«Пры сённяшняй уладзе, можа, хто з сілавікоў і панясе адказнасць за свае незаконныя дзеянні. Прынамсі хацелася б у гэта верыць. Тыя ідэалы і каштоўнасці, якія ў мяне былі ў перыяд службы ў СК, я па-ранейшаму захоўваю і прытрымліваюся іх», — адказвае Рокач.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0