73-гадовая Валянціна Шчэрба — адна з тых, хто паставіў подпіс пад зваротам спартсменаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Сам шасціразовы алімпійскі чэмпіён у спартыўнай гімнастыцы, які цяпер жыве ў ЗША, зрабіць гэта адмовіўся. Валянціна Мікалаеўна ў эмацыйным маналогу растлумачыла «Нашай Ніве» сваю матывацыю.

Валянціна Шчэрба атрымлівае пенсію 411 рублёў. Кажа, на ўсё хапае

Валянціна Шчэрба атрымлівае пенсію 411 рублёў. Кажа, на ўсё хапае

«У мяне ўжо тры месяцы такое абурэнне, [ад часу] калі пайшла гэтая Дар’я Домрачава і іншыя. І ўсе маўчаць.

У нас жа ўсяго пару чалавек гэтых здраднікаў.

Столькі было ўсяго ўкладзена ва ўсіх іх! Я ведаю, якія яны стыпендыі атрымлівалі менавіта ад Аляксандра Лукашэнкі. Я тады яшчэ троху круцілася ў спартыўнай сферы.

Я бачыла стыпендыі і думала: нішто сабе! І я ўпэўненая, што гэтыя стыпендыі яны атрымлівалі да сёння. Як так можна?! А якія былі зборы ў Стайках! Якое было харчаванне! Я была проста шакаваная. Ды ім проста трэба маліцца.

Які ж ён (Лукашэнка — «НН») малайчына! Як толькі ён стаў прэзідэнтам, то Віталь сказаў: «Як добра, што менавіта гэты чалавек наш прэзідэнт. Ён проста вельмі правільны». Як можна пляваць на гэтага чалавека? Ён жа курка, што нясе залатыя яйкі. У мяне ў галаве гэта не ўкладаецца!

Калі я ўбачыла ў інтэрнэце, [што пішуць пра Лукашэнку], — хоць ім і не дужа карыстаюся, — то ў мяне сем патоў сыходзіла. Я б ім адказала ўсім, але ў мяне няма інтэрнэту, я ім не ўмею карыстацца. Я б адказала яшчэ тады, калі толькі нараджалася. Няўжо вас усіх купілі? Я ўпэўнена, што ім альбо заплацілі, альбо нешта асабістае.

Чаму мой сын з’ехаў у ЗША? Што, ад добрага жыцця? Бо такія спартсмены, якія нічога не дасягнулі ў жыцці, яго абакралі, ускрылі ягоную кватэру.

Потым Лукашэнка даў Віталю заслужана новую кватэру ў элітным доме. Мне пазваніла Іра, ягоная жонка, кажа, мама, прыязджайце. Я з Масюкоўшчыны прыехала, Іра ўся белая. Яна была з сяброўкай, але тая адышла, спыняецца чорны аўтамабіль, выскокваюць хлопцы, бяруць каляску: «Давайце з намі праедзем». Але там мінакоў шмат было — і яны проста зассалі, прабачце. І яны ўцяклі, нават нумар ніхто не запомніў. Хацелі выкуп за дачку Хрысціну, што ж яшчэ?!

Гэта і падштурхнула Віталя з’ехаць, яны з’ехалі літаральна за месяц. Гэта што, не прычына? Каб не гэтыя два выпадкі, Віталь ніколі б не з’ехаў з Радзімы. Ён кажа: «Якая ў мяне настальгія! Але не магу кінуць свой бізнэс, мне трэба думаць пра сям’ю, пра заробкі сваім людзям».

Віталь і Валянціна Шчэрбы. Фота з ok.ru

Віталь і Валянціна Шчэрбы. Фота з ok.ru

У мяне шмат знаёмых у спартыўнай гімнастыцы і кажуць мне: «А што мы можам зрабіць?» Ё-маё, ну вы трэнеры ці не? Я з Тоняй Кошаль гаварыла, яна мне кажа: «Я па-за палітыкай, нічога падпісваць не буду». Ёлкі-палкі, вы людзі ці не? Няўжо ў вас смеласці і патрыятызму не хапае заявіць пра ваша меркаванне? А то ўсе арыентуюцца толькі на тых, хто плюнуў у твар нашай уладзе. Плюнулі і яшчэ ўсялякія гадасці кажуць. Як так можна?

Я Віталіку казала, што такое пісьмо напісалі. «Мама, ты ж ведаеш, што я па-за палітыкай, нічога я не буду падпісваць, у мяне галава за бізнэс баліць». Сынок, я хачу падпісаць, ты не супраць? Не, канечне, як хочаш.

Ён толькі сказаў, што хоча, каб я сябе берагла ад вірусаў розных.

Але ніякай пандэміі няма, каранавіруса няма, і я пра гэта ведаю, і Віталік. Гэты вірус у нас толькі ў галовах. Я гэта магу ўсім даказаць.

Я веруючая, у мяне ёсць сувязь з Богам не на фізічным, а на эфірным узроўні. Я калі нешта задумала і кладуся спаць, то сню сон і ведаю, як яго разгадаць. Мне пакуль сняцца вельмі добрыя сны. Над Аляксандрам Лукашэнка ёсць моцны абярэг. Я сама асабіста ў трох цэрквах у пачатку лістапада замовіла саракавуст, не пашкадавала сваёй пенсіі.

Я малюся, у мяне ёсць партрэт Лукашэнкі, я малюся на яго. Раніцай і вечарам. І за ўсіх нармальных людзей. І нават за гэты натоўп малюся. Мне іх з аднаго боку шкада, але з іншага — у вас ва ўсіх жа ёсць галава?

У мяне ёсць людзі знаёмыя, якія агрэсіўна за катлетную тую (відаць, гаворка пра Ціханоўскую — «НН»). Я выказваю меркаванне, але лаяльна, любячы, а яны нібыта зомбі. Але я ведаю, што ёсць масавы псіхоз, які праз інтэрнэт перадаецца. Я сама калі інтэрнэт пачытаю, то ў мяне так ціск падымаецца, што я думаю, а можа, гэта праўда? Ідзе адурачванне людзей.

У мяне ёсць сусед па дачы. Я яшчэ думаю, а чаго ж ты так выступаеш супраць? Ягоная жонка, якая за Лукашэнку, расказала: «Аказваецца, у яго дзед быў паліцаям, а тата — куркулем». Так яны яго і выхавалі, у такім духу. Але я так была задаволеная, калі ён паехаў у нядзелю ў прыватны стаматалагічны цэнтр, а дадому трапіў толькі а восьмай вечара. Нарэшце да яго дайшло! Калі я нават і памыляюся ў нейкіх дробязях, то час усё расставіць.

Пра Леўчанку я ведаю вельмі шмат, нічога мне пра яе не кажыце. Я ўсё ведаю, але нічога агучваць не буду.

Ад Дашы Домрачавай такога я не чакала! Калі б у мяне былі такія дзеці, як у яе брат, калі б ён вышарваўся па гэтых пратэстах… Я ведаю, які гэта хлопчык, вельмі нават добра. Шкада, што сястра не адвучыла яго ад кепскіх звычак».

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?