Падчас Маршу суседзяў сілавікі затрымалі 30-гадовага дызайнера Яна К. Увечары ў інтэрнэце апублікавалі відэа з яго выбітымі «прызнаннямі», знятымі ў бусе сілавікоў.
— Дата і год нараджэння?!
— 21 кастрычніка … года.
— Працуеш дзе?!
— Аддалена.
— У сэнсе аддалена, ***?!
— Дызайнер.
— Якая арганізацыя, ***?!
— Дызайнер я, блін, які сайты робіць.
— Дзе жывеш?! (Тут збіты мужчына сплёўвае кроў.) Не плюйся, ***! За што затрымалі?!
— Затрымалі за тое, што хадзіў па вуліцы.
— Глядзі ў камеру, ***!
— Затрымалі за тое, што хадзіў па вуліцы, лаяўся матам.
— Што папярэднічала твайму затрыманню толькі што, ***?!
— Істэрыка і мацюкі ў ваш бок.
— Што ты супрацоўнікам паказаў?!
— Рукамі паказваў «ідзі сюды» — усё.
— Прыйшлі мы да цябе — і далей?! Ну, што ты хочаш сказаць мне?!
— Прабачце мне, калі ласка, хлопцы, я дурань і нічога такога не трэба рабіць.
— Хто твой прэзідэнт, ***?!
— Прэзідэнт — Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.
— Каго любіш, ***?!
— Беларусь.
— Сілавым структурам што хочаш сказаць, ***?!
— Крутыя мужыкі, ведаюць, як выбіць дурыкі з галавы.
***
Урэшце імя Яна К. з'явілася ў спісе затрыманых, якіх забралі з міліцыі ў бальніцу.
«У мяне страсенне мозгу, зламаны нос, расколіна, таксама пацярпела левая шчака, — сказаў Ян парталу Onliner.by. — Па самаадчуванні… Ляжаць магу, сядзець цяжка».
Артыкул 128 Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае адказнасць за катаванні — ад 7 да 25 гадоў зняволення, альбо пажыццёвае зняволенне, альбо расстрэл.
Паводле Крымінальнага кодэкса, катаванне — любое дзеянне, якім нейкай асобе наўмысна прычыняюцца моцны боль, фізічныя або псіхічныя пакуты ў мэтах прымусу асобы да дзеянняў, якiя супярэчаць яе волі, у тым ліку каб атрымаць ад іх звесткі або прызнанні, а таксама з мэтай пакарання або з іншымі мэтамі або па любой прычыне, заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль альбо пакуты прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасці.





