Сёння ў Мінску пенсіянеры сабраліся на чарговы Марш. Яны традыцыйна збіраюцца на плошчы Незалежнасці, каб прайсці шэсцем па праспекце.
Гэтым разам сілавікі не далі прайсці Маршу і 300 метраў, заблакаваўшы праспект на рагу з Валадарскага.
Людзі рушылі ў абыход па Валадарскага. Затым сілавікі перагарадзілі дарогу і там, у раёне Гарадскога Вала. Праходзячы каля СІЗА №1 на Валадарскага, людзі скандавалі «Выпускай!»
Затым яны рушылі ў бок Раманаўскай слабады і дайшла да Фрунзенскай.
Радыё Свабода
Аднак частка пенсіянераў змагла прарвацца праз ачапленне і прайсці па праспекце да ГУМа, дзе ім зноў заблакавалі праход.
Тады калона развярнулася і пайшла назад, паралельна ім бяжыць вялікая колькасць сілавікоў і ездзяць аўтобусы.
Такім чынам, у Мінску сёння паралельна адбываюцца два Маршы. Цэнтр часткова перакрыты.
15:50
Частка пенсіянераў вярнулася да СІЗА да Валадарскага, чытачы Tut.by паведамілі, што некалькі пенсіянераў затрымалі і пагрузілі ў аўтазакі. Маленькая група здолела дайсці да плошчы Якуба Коласа.
***
Маршы пенсіянераў праходзяць у панядзелкі. Першы прайшоў 5 кастрычніка, амаль два месяцы таму.





