Больш за 200 беларускіх адвакатаў патрабуюць, каб «Советская Белоруссия» выдаліла з сайта калонку Андрэя Мукавозчыка, а ўзамен апублікавала яго публічныя прабачэнні.
Андрэй Мукавозчык
Юрысты абураныя публікацыяй «Часам вельмі хочацца ўзяць і з хрустам управіць мазгі тым, каго ведаў. Паставіць іх на месца… А раптам?» на сайце выдання.
У ёй Мукавозчык разважаў пра суд над музыкантам Паўлам Аракелянам і назваў працу адваката Аракеляна «подленькай».
Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў паведаміла, што Мукавозчык прыватна папрасіў прабачэння ў адваката і прызнаў свае словы недапушчальнымі.
Юрысты лічаць гэта недастатковым, бо нават слова «подленькі» на сайце «Советской Белорусии» пакінулі.
У сваім калектыўным звароце адвакаты выстаўляюць пяць патрабаванняў:
- Правесці праверку ў адносінах публікацыі.
- Абвергнуць інфармацыю пра тое, што адвакацкая дзейнасць з’яўляецца «подленькай».
- Запатрабаваць ад Мукавозчыка публічных прабачэнняў.
- Прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці тых, хто дапусціў размяшчэнне публікацыі.
- Выдаліць публікацыю.