Фота з фэйсбука
25-гадовая берасцейка Марына Глазава другі месяц знаходзіцца ў СІЗА па «справе аб карагодах» на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава ў Брэсце 13 верасня. Беларускія праваабаронцы прызналі яе палітвязнем, піша «Брэсцкая газета».
Днём 13 верасня ў Брэсце праходзіла маштабная акцыя пратэсту, якая скончылася карагодамі на скрыжаванні бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава і наступным разгонам пратэстоўцаў вадамётам. Праз два дні СК распачаў крымінальную справу аб масавых беспарадках, а раніцай была затрыманая 25-гадовая Марына Глазава — настаўніца польскай і англійскай моў.
СК
Яна — адзіная падазраваная па гэтай справе дзяўчына, якая цяпер у СІЗА. Па словах бацькі дзяўчыны, паэта Уладзіміра Глазава, першы час у родных, сяброў Марыны быў шок з-за гэтай сітуацыі: «Аднак з часам змірыліся. Бо чалавек прывыкае да ўсяго».
Фота з асабістага архіву
Самым цяжкім для дзяўчыны, мяркуючы па яе лістах, быў час, калі яе пераводзілі з адной камеры ў іншую. Даводзілася пастаянна прывыкаць да новых людзей. Акрамя таго, першыя дні ёй нездаровілася, трэба было перадаваць медыкаменты.
Кантакты з дачкой у бацькі — праз лісты. Раніцай 27 кастрычніка Уладзімір атрымаў чарговы.
«Дачка напісала, што новая кампанія — добрая і вясёлая. З усімі пасябравалі. Усе дзеляцца адна з адной перадачамі», — распавядае бацька Марыны.
Раніцай 27 кастрычніка абарона Марыны Глазавай абскардзіла ў абласным судзе ўтрыманне дзяўчыны пад вартай. Пасяджэнне было закрытым. Скаргу пакінулі без задавальнення. Марына застаецца ў СІЗА.
Вы можаце падтрымаць Марыну Глазаву і напісаць ёй ліст па адрасе: СІЗА-7, г. Брэст, вул. Савецкіх памежнікаў, 37, 224030.





