Не верыцца, што не будзе больш Валерыя Шчукіна… У канцы 90-х ён быў заўсёды наперадзе калоны дэманстрантаў. Калі кагосьці затрымлівалі, судзілі, то ў спісах быў Шчукін. Не было ў горадзе ніводнага мянта, які не ведаў бы яго ў твар.

Многія апазіцыянеры спрачаліся з ім, прычынай таму яго камуністычныя погляды, абвінавачвалі ў кансерватызме.

Шчукін быў частым госцем у маім доме. Дні нараджэння, іншыя святы. Заўсёды жартавалі за сталом, што я сяджу паміж двума падвойнымі цёзкамі — Валерыем Аляксеевічам Фадзеевым і Валерыем Аляксеевічам Шчукіным. Аднойчы Шчукін прыйшоў за 20 хвілін да прызначанага часу, калі я ў паніцы насілася, накрываючы стол. Кажу: «Ой, вось бляшанка ікры, а масла ж няма!» Шчукін пабег у «Дары прыроды» праз дарогу. Быў такі магазін каля кінатэатра «Мір».

Тут ужо астатнія госці сталі збірацца. Адкрылі ікру, і тут прыходзіць Шчукін і працягвае пачак. Разгортваю ярка-зялёную фольгу ў кветачкі і бачу кавалак пяшчотна ружовага колеру з наймацнейшым пахам… сунічнага мыла.

— Што гэта?

— Як што? Масла. Фруктовае. Я падумаў: «А чаго ўласна браць менавіта сметанковае? Гэта ж арыгінальней будзе».

В. А. Фадзееў зарагатаў: «Ну хто пасля гэтага будзе дакараць Шчукіна ў тым, што ён кансерватар? Шчукін эксперыментатар».

Успамінаюцца нейкія смешныя гісторыі чамусьці.

Але… Мая сяброўка Таня Вардомская была яго адвакатам. Яна часта спрачалася з ім. Адчытвала пасля працэсу: «Я вам што сказала? Вы навошта гэта выдалі? Хто вас прасіў?!!» Часам са злосцю казала: «А сэнс вас абараняць? Вы зноў пачняце гнуць сваю лінію. І толку, што я тут з вамі дамовілася?» Але ўсё працягвалася. І аднойчы Таня перад Новым годам паляцела на адпачынак і ў першы ж дзень там… памерла…

Прыйшлі калегі ў рытуальную залу. Усе былі ў шоку ад таго, што такая яркая паспяховая жанчына раптам пайшла з жыцця. Абвясцілі грамадзянскую паніхіду. Усе маўчаць. І тут прыйшоў Шчукін. Многія яго крадком разглядалі. Ён пачаў гаварыць. Спачатку зусім ціха, потым гучней і… усе заплакалі… Такіх цёплых слоў і столькі падзякі я ніколі не чула.

Жыццё Валерыя Шчукіна было суцэльнай барацьбой і пераадоленнем цяжкасцяў. Гэта ён дамогся, каб на Акрэсціна пачалі выконваць хоць нейкія правілы. Гэта ён дамогся, каб у СІЗА пачалі лячыць зубы. Гэта ён сказаў мянтам, што сам на Акрэсціна не пойдзе, і яны яго насілі…

Колькі людзей сёння ўспамінаюць яго. І ўсё толькі добрым словам. Светлая памяць!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?