Па «згодзе бакоў і ўласным жаданні» з Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта сышла выкладчыца лабараторыі практычнага навучання Юлія Матусевіч. 

Раней яна знялася ў відэа ў падтрымку грамадзянскіх правоў, а таксама актыўна абараняла сваіх студэнтаў. 

Чаму давялося пісаць заяву?

«Учора падчас практычных заняткаў па першай дапамозе ў кабінет, дзе я выкладала, прыйшла дэкан і звярнулася да адной са студэнтак з просьбай прыйсці да 14-й у рэктарат па пытанні праведзенай у сераду сядзячай забастоўкі», — расказала Матусевіч «Нашай Ніве».

«У гэты час у мяне быў перапынак паміж парамі, я вырашыла схадзіць туды таксама, каб падтрымаць студэнтаў: яны нічога не парушылі, гэта людзі з вялізным узроўнем адказнасці і высокім інтэлектам. Я з імі працую і сцвярджаю гэта ўпэўнена, а з імі не вядуць дыялог, а спрабуюць арганізаваць цкаванне і адлуп, яшчэ і з запрашэннем пракурора. 

Пасля маналога адміністрацыі студэнтам прапанавалі задаць пытанні, але на іх не адказалі — сказалі, што гэтыя пытанні можа падаць у пісьмовым выглядзе і атрымаць адказ. Тады выступіла я, можна сказаць, са спробай падвесці вынікі, але не паспела — мяне абсеклі. 

Я сказала, што рэктарат патрабуе ад студэнтаў павагі, у той жа час адміністрацыя села за сталы, а студэнты стаяць — гэта нармальна? І ўвогуле было б добра паставіць лавы ў холах, каб студэнты не сядзелі на голых прыступках падчас пратэстаў.

Юлія Матусевіч, фота з уласнага архіва 

Юлія Матусевіч, фота з уласнага архіва 

Сёння раніцай мне пазванілі і сказалі, што праз учорашняе найлепшым варыянтам будзе звальненне па ўласным жаданні, я яго напісала. 

Для мяне гэтая работа была сумяшчэннем, таму я сыходжу не ў нікуды. Чакаю, пакуль вярнуся на гэтую працу ў новых абставінах. Але нават калі б я не працавала як сумяшчальнік, я б усё роўна зрабіла ўсё тое самае». 

Удзячныя студэнты цяпер пішуць ёй словы падтрымкі ў сацыяльных сетках, Матусевіч у адказ настаўляе быць разумнымі і трымаць нос вышэй: «Жыве Беларусь!»

Чытайце таксама: «Мне сказалі, што я перайшоў мяжу». Звальняецца выкладчык меда, які падтрымаў студэнтаў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?