Музыкам кавер-гурту Best Sound Band, якіх затрымалі 26 верасня ў падземным пераходзе на плошчы Якуба Коласа, Савецкі раённы суд Мінска прысудзіў арышты — розныя тэрміны за аднолькавае правапарушэнне, піша Радыё Свабода.

Альтыстку Ніну Матушкіну суддзя Аляксандр Воўк пакараў 11 суткамі за «парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў». Паводле аналагічнага артыкула 23.34 ч.1 КаАП на 12 сутак адпраўлены за краты Яраслаў Бандарчук. Такое рашэнне прыняла суддзя Марына Фёдарава.

Яна ж судзіла і апошняга з затрыманых музыкаў калектыву Вадзіма Бурака. Вырак — 13 сутак адміністрацыйнага арышту.

Калі падчас Жаночага маршу частка пратэстоўцаў спусцілася ў пераход, гурт зайграў «Перамен» і «Муры». Людзі віталі маладых музыкаў, падпявалі ім. Але неўзабаве з'явілася міліцыя, якая загадала спыніцца і збірацца ў аддзяленне для «высвятлення асоб».

Дазвольныя паперы на вулічныя выступы на міліцыянтаў не падзейнічалі. 

Пазней высветлілася, што затрымалі Бандарчука, Матушкіну, Бурака. Да суда іх змясцілі ў ЦІП на Акрэсціна. Яшчэ дваіх музыкаў адпусцілі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0