На нядзельную акцыю пратэсту ў Магілёве сабралася некалькі дзясяткаў прыхільнікаў пераменаў, якія дзьвюма калёнамі спрабавалі прайсьці цэнтральнымі вуліцамі гораду. Каб іх разагнаць, міліцыя ўжыла сілу і спэцсродкі, піша Свабода.

На плошчы Арджанікідзэ прагучаў адзін стрэл зь сьвятлашумавой ракетніцы. Пасьля гэтага, як кажуць відавочцы, пратэстоўцаў пачалі біць дручкамі ды жорстка затрымліваць мужчын. Ім заломвалі рукі, клалі на зямлю, а потым кідалі ў мікрааўтобус. Людзі разьбегліся.

У другой калёне было блізу 20 чалавек, пераважна жанчын. Іх пачалі затрымліваць непадалёк ад абласнога ўпраўленьня міліцыі. Калі жанчын пхалі ў мікрааўтобус, яны моцна крычалі.

Пасьля разгону дзьвюх калён прыхільнікі пераменаў спрабавалі аб’яднацца на пешаходнай вуліцы Ленінскай. Тут таксама адбыліся затрыманьні. Пратэстоўцы спрабавалі адбіць маладзёна са сьцягам. Ім гэта не ўдалося, але міліцыянты пад праклёны пратэстоўцаў зьбеглі.

Пазьней АМАПаўцы выцясьнялі людзей з вуліцы, аглядаючы двары.

Паводле праваабаронцаў, у Магілёве затрымалі больш за 30 чалавек. Сярод іх журналіст з інтэрнэт-выданьня «Магілёўскі рэгіён 6tv.by» Уладзімер Лапцэвіч.

Першыя затрыманьні адбыліся на плошчы перад гандлёвым цэнтрам «Атрыюм». Амапаўцы правяралі ў мінакоў торбы і патрабавалі выдаліць фота зь міліцыянтамі з камэраў мабільных тэлефонаў. Мясцовы прыпынак грамадзкага транспарту закрылі. Прыхільнікі пераменаў паспрабавалі арганізавацца ў іншых месцах, але і гэта ім не ўдалося.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?