З брэсцкага тэлеканала «Буг-ТБ» 4 верасня звольнілася карэспандэнтка Міраслава Каваленка, яна працавала на канале з 2014 года.

«Сёння афіцыйна мой апошні працоўны дзень на пасадзе карэспандэнта тэлекампаніі «Буг-ТБ». Вырашыла сысці па ўласным жаданні, таму што для мяне «маўчаць=хлусіць», — напісала яна ў сваім Instagram.

«Пра апошнія палітычныя падзеі ў краіне я паспела выдаць у эфір адзін сюжэт, які для мясцовага ТБ атрымаў рэзананс, хай і невялікі. Пасля гэтага кіраўніцтва ясна дало зразумець: больш падобнага быць не павінна. Казаць усю праўду нельга, нават яе частку, — і гэта рэаліі сённяшняй беларускай журналістыкі. Але шмат хто з журналістаў забыліся, што нельга сёння напалову быць сумленным, напалову суперажываць і быць напалову чалавекам. Сыходжу са спакойным сумленнем і верай у справядлівасць. Сыходжу з прафесіі назусім, пакуль нешта не зменіцца», — дадала былая карэспандэнтка.

Журналісты пачалі звальняцца яшчэ да выбараў, а пасля выбараў і разгонаў пратэстаў звальненні сталі масавымі.

З іншага брэсцкага тэлеканала «ТРК-Брэст» ужо сышлі двое тэлевядучых: Дзяніс Ліпкін і Арцём Бруйло. Першы з іх — пасля 18 гадоў працы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0