Плыўчыха Аляксандра Герасіменя вельмі эмацыйна выступіла ўчора ў эфіры Еўрарадыё. Гэта была праграма «Пытаннечкі» Змітра Лукашука. У ёй таксама бралі ўдзел гандбольны трэнер Канстанцін Якаўлеў і валейбаліст, гулец нацыянаянальнай зборнай Артур Удрыс.

Герасіменя распавяла пра тое, што чуе папрокі з нагоды таго, што ёй не варта лезці ў палітыку. Аднак, па словах спартсменкі, тое, што адбываецца ў Беларусі, ужо зусім не палітыка:

— Наогул, я па жыцці абсалютна апалітычная. Я старалася максімальна згладжваць куты і не паглыбляцца ў палітыку. Ведаеце, цяпер ёсць людзі, якія кажуць: «Куды ты лезеш у палітыку?! Сядзі, дурніца, і маўчы! Вары баршчы, ідзі бегай і плавай».

Людзі, расплюшчыце вочы. Гэта не палітыка. Гэта ўжо далёка не палітыка, тое, што цяпер адбываецца. Вам закрываюць раты, у вас забіраюць вашыя галасы, у вас забіраюць вашу волю. Гэта ўсё тое, што нам належыць па праве з нараджэння. Мы — людзі, народжаныя свабоднымі, з правам голасу, з правам выбару. Вы дазволілі сабе закрыць рот. Чаму? Можа, вы не бачыце чагосьці?

Зміцер Лукашук папрасіў Аляксандру звярнуцца да прадстаўнікоў улады, якія маглі пачуць яе зварот падчас эфіру:

— Скажу тое, што ёсць, тое, што ўнутры. Я хацела б папрасіць пачуць ваш народ. Пачуць тых людзей, якіх вы гадавалі, якія былі з вамі і якія заўсёды аказвалі падтрымку. Калі зараз на дадзены момант людзі не згодныя, пачуйце іх, калі ласка. Пачуйце тое, што яны хочуць вам данесці, — сказала Герасіменя, стрымліваючы слёзы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0