Да мінскага пяціпавярховіка на вуліцы Гая, 15 учора падагналі кран і знялі з балкона бел-чырвона-белы сцяг. Гаспадыні кватэры ў гэты момант дома не было — вярнуўшыся, яна абуралася сітуацыяй. TUT.BY паглядзеў, як сёння выглядае той самы балкон.
Бел-чырвона-белы сцяг на гэтым мінскім балконе вісеў некалькі тыдняў, але ўчора міліцыя спецыяльна падагнала да дома аўтакран, каб зняць сімволіку. Гаспадыні ў той момант не было дома.
У ГУУС Мінгарвыканкама растлумачылі, што да іх паступіла заява ад грамадзяніна — маўляў, сцяг абражае яго маральныя прынцыпы і погляды, таму сімволіку знялі ў рамках праверкі ў парадку ПВКаАП РБ.
Сёння на тым самым балконе зноў з'явіўся сцяг — гэтым разам папяровы.
Жыхарка кватэры, 24-гадовая Анастасія, патлумачыла, што сама дазвоньваецца ў РУУС — яе запрасілі на гутарку да начальніка ўпраўлення.
— Але ва ўстаноўленым парадку мяне так ніхто нікуды не выклікаў.
Учора дзяўчына тлумачыла нам, што сцяг, які павезлі, каштуе 35 рублёў, набыты ў легальнай кропцы продажаў. Ёсць другі, падораны сяброўкай.
— Але падарунак сяброўкі я пакуль не буду вывешваць — будзе шкада, калі сцягнуць і яго. Значыць, будзем маляваць папяровыя, — казала мінчанка.
Праваабаронцы ўжо казалі, што няма нарматыўных актаў, якія забаранялі б мінчукам вывешваць падобную сімволіку.
Вось як балкон выглядаў за некалькі дзён да таго, як першы сцяг знялі.





