Інфармацыйная вайна, якая развязалася на тэрыторыі краіны, прымушае беларусаў цікавіцца палітыкай, нават калі яны гэтага не хочуць. Такую думку ў жывым эфіры праграмы «Гаворыць і паказвае Мінск» на «Радыё-Мінск» выказаў член пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч.

— Калі адключыцца ад інтэрнэту, Telegram-каналаў, то звычайны чалавек палітыкай цікавіцца наўрад ці будзе. Але тое, што сёння наша дзяржава прастрэльваецца з розных бакоў інфармацыйным фастфудам, прымушае нас быць у палітыцы. Нават не проста быць, а верыць у тое, у што ў звычайным жыцці думаючы, з жыццёвым досведам чалавек ніколі б не паверыў. На нашай тэрыторыі сёння дзейнічаюць прафесійныя паліттэхнолагі, піяр-псіхолагі з-за мяжы. Яны імкнуцца прымусіць нас верыць у нейкія пастулаты і нейкіх людзей, — адзначыў ён.

Клішэвіч упэўнены: людзей больш цікавіць не палітыка, а рэальныя жыццёвыя пытанні, з якімі яны сутыкаюцца кожны дзень.

— Хвалююць цэны, заработная плата, якасць паслуг у сферы ЖКГ. Гучаць пытанні жылля для моладзі, для тых, хто стаіць у чарзе на будаўніцтва, паколькі яна ў Мінску амаль не рухаецца. Над гэтымі пытаннямі нам усім трэба будзе актыўна папрацаваць і ў найбліжэйшы год, і ў найбліжэйшую пяцігодку, — адзначыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0