Расійскія памежнікі раптоўна зладзілі масавую праверку дакументаў на мяжы з Беларуссю. Прычыны не агучваюць.
Адзін з кіроўцаў распавёў «Нашай Ніве», як праязджаў праз мяжу.
«Раней праезд праз мяжу займаў 10 секунд: паказаў пашпарт і едзеш далей. Цяпер я стаяў на мяжы 2 гадзіны. Кіроўцы прасілі памежнікаў патлумачыць прававую падставу — нам так і не адказалі. Увогуле сілавікі нічога не тлумачаць, не прадстаўляюцца.
Але стаіць ля мяжы яшчэ машына: узмацненне. Усіх папярэдзілі, што фатаграфаваць і гэтую машыну, і ўвогуле што-небудзь нельга, інакш складуць пратакол».
Кіроўцам на мяжы таксама ніякіх тлумачэнняў не даюць.
«Адказваюць памежнікі так: «Мы нічога не каментуем. Нам далі загад — мы выконваем. Званіце на Лубянку», — кажа суразмоўца «Нашай Нівы». — Калі заходзіш на праверку дакументаў, у памежнікаў там стаіць адзін камп’ютар, яны ўносяць звесткі ў нейкую таблічку. Акрамя таго, у кожнага бяруць нумар мабільнага. Гэта вельмі дзіўна.
Я спачатку адмовіўся даваць нумар. Мне кажуць: «Не даеш? Тады мы цябе не пусцім».
Спытаў, а навошта вам?
Адказ: «Менш пытанняў задавай, будзе менш чарга. Нам сказалі — мы выконваем».
Прыйшлося даць.
Таксама дзіўны момант: перада мною стаялі жанчыны, якія ехалі ў Беларусь мяняць зубныя імпланты. Расіянкі, з Масквы. У іх былі ўсе дакументы са стаматалогіі, былі і пашпарты свае, канечне. Памежнікі кудысцьі пазванілі і пасля гэтым жанчынам сказалі: стаматалогію пускаць больш не будзем. І завярнулі гэтых жанчын назад».
Цяпер у чатах кіроўцаў пішуць, што чарга на мяжы расцягнулася на 8 кіламетраў.
Расійскія памежнікі растлумачылі прычыну дзікіх чэрг на мяжы з Беларуссю





