Таццяна Севярынец уражаная сустрэчамі, якая яна праводзіць у малых гарадах Віцебшчыны ў якасці даверанай асобы Святланы Ціханоўскай.

«Я спачатку вельмі насцярожана ставалася да Сяргея Ціханоўскага, — кажа маці палітвязня Паўла Севярынца, пенсіянерка, былая настаўніца, якая стала даверанай асобай Святланы Ціханоўскай. — Нават з Паўлам спрачалася, калі ён падтрымаў Сяргея. Некаторыя моманты мне зусім не падабаліся. Але калі выйшла Святлана, то я змяніла сваё стаўленне. Можа, і жаночая салідарнасць спрацавала. Мне не сорамна, што я стала даверанай асобай Ціханоўскай. Я бачу, як расце чалавек, як становіцца лідарам. Як любоў раскрывае ў ёй найлепшыя якасці», — кажа Севярынец. 

Сваімі ўражаннямі ад паездак спадарыня Севярынец падзялілася з «Нашай Нівай».

Таццяна Севярынец — маці палітвязня Паўла Севярынца, кіраўніца БХД па Віцебскай вобласці, а таксама былая настаўніца. Яна стала адной з давераных асобаў Святланы Ціханоўскай на гэтых выбарах.

І пакуль Святлана разам з паплечніцамі аб’язджае вялікія гарады, спадарыня Таццяна робіць тур па драбнейшых райцэнтрах Віцебшчыны. На гэтых выхадных яна выступала ў Бешанковічах, Лепелі, Докшыцах і Лёзне.

Усё робіцца намі выключна на валанцёрскіх пачатках, нават пра аплату бензіну гаворкі не вядзецца. Штаб спачатку троху замарудзіў афішу сустрэч, то давялося распраўсюджваць інфармацыю праз сацсеткі, праз знаёмых.

У Бешанковічах сустрэча праходзіла ў самым цэнтры, каля раённага Дома культуры. Выканкам вельмі добра да нас паставіўся. Сказаў, калі не будзе хапаць месца, то перакрыем вуліцу. Сказалі, каб не хваляваліся: дзе хочаце, там і станавіцеся. Агулам у Бешанковічах было каля 150 чалавек.

Пікет у Бешанковічах

Пікет у Бешанковічах

У нас на сустрэчах «вольны мікрафон». Кожны ахвотны можа выйсці ды выступіць. Напачатку мы ўключаем выступ рэстаратара Пракоп’ева, ягоны густы, артыстычны голас вабіць людзей, яны ідуць на яго. Ставім бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі «Краіны для жыцця».

Я паўсюль выступаю выключна па-беларуску. У Лепелі сябры прасілі, каб гаварыла па-руску. Але ў мяне сына катуюць ні за што за кратамі, чаму я буду гаварыць па-руску?! Толькі аднойчы ў Лёзне бабулі сказалі, што «ваша мова тут ні к чэму».

У Лепелі таксама сустрэча была на цэнтральнай плошчы, а не так, як у Віцебску, і такая залева моцная была. Але людзей шмат сабралася, можа, чалавек 500. Ніхто не сыходзіў ад дажджу, параскрывалі парасоны і стаялі. І над намі таксама нехта парасоны раскрыў, хаваў ад дажджу.

На сцэну ў Лепелі выйшаў мажны хлопец, які прадставіўся дзейным вайскоўцам. Ён сказаў, што ніхто ў войску ад салдатаў да афіцэраў не падтрымлівае Лукашэнку. І ніхто не будзе страляць у людзей.

Пад залевай праходзіла сустрэча ў Лепелі

Пад залевай праходзіла сустрэча ў Лепелі

У Докшыцах сустрэча ўжо была не ў цэнтры, а на стадыёне. Я троху пабойвалася, бо не была ўпэўненая, што там збяруцца людзі. Але атрымалася вельмі душэўна ўсё, шмат ахвотных выступіць, нават чарга выбудоўвалася да мікрафона. Амаль усе людзі былі з белымі стужкамі — гэта моцна ўразіла. Агулам сабралася чалавек 200.

У Лёзне цяжкавата было, горад на мяжы з Расіяй, сустрэча ў парку праходзіла. Але і там людзі падпаўзлі, чалавек 200. Было міліцэйскае начальства з Віцебска, але ніяк не заміналі нам. Увогуле міліцыя не перашкаджала нідзе.

Сустрэча ў Лёзне. Фота з фэйсбука

Сустрэча ў Лёзне. Фота з фэйсбука

Гэтыя паездкі мяне моцна натхняюць. Я прыязджала не раз у гэтыя гарады, але раней там збіралася па 18-20 чалавек, яны былі мёртвымі кропкамі ў пытанні грамадскай актыўнасці, а цяпер і там з’яўляюцца людзі, якія хочуць зменаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?