Уступная кампанія 2020 года знаходзіцца ў самым разгары, аднак яе самая важная частка — цэнтралізаванае тэставанне —ужо завяршылася. І цяпер самы час пагаварыць аб асаблівасцях ЦТ-2020. Як любяць жартаваць самі нядаўнія 11-класнікі, у іх сёлета асаблівы, «каронны» выпуск. Але гаворка не толькі пра ўплыў COVID-19 на ЦТ, хоць ён і ўнёс значныя карэктывы.

Тым больш гэты год можа стаць апошнім для ЦТ у тым выглядзе, у якім мы яго ўсё выдатна ведаем. Пагроза над ім навісла пасля нядаўніх заяў прэзідэнта аб неабходнасці «бачыць чалавека» пры паступленні ва ўніверсітэт, чаму нібыта перашкаджае ЦТ. Я ўжо падрабязна выказваўся пра тую патэнцыйную катастрофу, да якой нас прывядзе вяртанне да архаічных форм паступлення ва ўніверсітэты, якое замаячыла на гарызонце. Але, пакуль гэты апакаліпсіс для ўсёй сістэмы адукацыі не здарыўся, давайце падвядзём вынікі, спадзяюся, усё ж не апошняга, ЦТ-2020.

1. Пачаць варта з таго, што колькасць абітурыентаў значна зменшылася ў параўнанні з мінулым годам.

Напрыклад, калі ў 2019 годзе на самую масавую рускую мову зарэгістравалася каля 60.000 чалавек, то ўжо ў 2020 годзе гэта лічба склала ўсяго крыху больш за 50.000 чалавек. І справа не столькі ў нейкай дэмаграфічнай яме, якой у нас любяць тлумачыць такія рэчы, колькі ва ўскосных прычынах. Новая сістэма адтэрміновак ад войска (цяпер можна яе атрымаць для працягу адукацыі толькі 1 раз) адсекла абітурыентаў пасля прафесійных, а таксама сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі.

Да гэтага дадалося і павелічэнне папулярнасці адукацыі ў больш адкрытых да свету суседніх дзяржавах, прызнанне іх дыпломаў у Еўропе, часцяком меншы кошт навучання (і нават яго бясплатнасць у многіх выпадках). Не варта забываць і пра адсутнасць там такой залішняй ідэалагізаванасці, ад якой таксама спрабуюць выратаваць некаторыя бацькі сваіх дзяцей.

Разам мы атрымліваем адток абітурыентаў па кірунку ў Расію, Польшчу, Чэхію, Славакію. І я ўпэўнены, што патэнцыйная ліквідацыя справядлівай сістэмы ЦТ яшчэ больш паменшыць колькасць абітурыентаў у беларускія ВНУ, бо не будзе ўпэўненасці ў формуле «вучыў — паступлю» і будзе абраны больш прадказальны, пазбаўлены карупцыі і суб'ектыўнасці, шлях у выглядзе замежнага ўніверсітэта.

2. У гэтым годзе абітурыенты атрымалі не толькі на два каляндарныя тыдні больш для падрыхтоўкі да тэстаў, у параўнанні са сваімі папярэднікамі, але і дадатковы час за кошт чацвёртай чвэрці, якая фактычна выпала.

І вінаватым ва ўсіх гэтых змяненняў стаў хэдлайнер 2020 года пад імем — каранавірус. Ён унёс свае карэктывы не толькі ў арганізацыю ўсяго навучальнага працэсу ў краіне, але і ў арганізацыю ЦТ. Тут будзе дарэчы зрабіць адступленне і яшчэ раз сказаць, што эпідэмія каранавіруса выявіла тэхнічную слабасць і арганізацыйную непаваротлівасць усёй сістэмы адукацыі Беларусі. На анлайн-навучанне агульнаадукацыйную школу перавесці не змаглі, што ўжо тады казаць пра ЦТ. Яго таксама было вырашана праводзіць па-старому ў вочным фармаце. Праўда, тут усё ж былі ўнесеныя пэўныя змены: была палепшаная сістэма рэгістрацыі на ЦТ, якая ліквідавала адно лішняе асабістае наведванне пункта рэгістрацыі, змененая сістэма рассаджвання ў аўдыторыях, а таксама колькасць абітурыентаў, якія здаюць ЦТ у адным памяшканні.

Найбольш жа радыкальна выглядалі зрухі даты тэставання на 2 тыдні наперад, а таксама разбіўка самых масавых тэстаў па рускай мове і матэматыцы на 2 дні. Адпаведна, эпідэмія ўнесла карэктывы і ў арганізацыю ЦТ-2020, і нельга сцвярджаць, што гэты фактар ніяк не ўлічваўся пры арганізацыі тэставання. Аднак рэалізацыя некаторых крокаў выклікала пытанні. Але пра гэта далей.

3. Усе мае калегі-рэпетытары лагічна разважалі, а РІКВ яшчэ і ўсіх супакойваў у дадатак, што тэсты па асаблівых сёлета рускай мове і матэматыцы будуць адной складанасці, але па сваёй сутнасці рознымі для двух дзён.

Аднак пасля першага дня тэсту па рускай мове ў грамадскасці зноў з'явіліся сумневы, і дырэктару РІКВ нават прыйшлося ўвечары выпусціць зварот, дзе ён запэўніваў аб тым, што «падчас ЦТ для ўсіх абітурыентаў створаны роўныя ўмовы». Але якое было здзіўленне ўсіх маіх калегаў, калі на другі дзень ЦТ па рускай мове далі сіметрычныя тэсты.

Каб было больш зразумела: абітурыенты другога дня атрымалі ўяўленне, якія ў 2020 годзе з'явіліся «пасткі» ў тэсце і на чым робяцца там акцэнты. Больш за тое, нават заданні на разуменне значэння слоў у другі дзень ўтрымлівалі такія ж прыклады, як і ў першы дзень.

Добра паказвае гэтую сітуацыю слова «экзальтірованный», якое ў першы дзень ведала вельмі мала абітурыентаў. А вось ужо на наступны дзень у 7 варыянце абітурыенты без цяжкасцяў вызначылі яго лексічнае значэнне, бо ўдзельнікі першага дня шчодра распавядалі пра яго ў сацсетках. Мне здаецца, немагчыма цяпер у лічбах ацаніць несправядлівасць такога падыходу, але факт недапрацоўкі з боку арганізатараў ЦТ відавочны.

Дзеля праўды варта адзначыць, што па матэматыцы былі дадзены розныя тэсты ў розныя дні, і тут ужо такой відавочнай нестыкоўкі слоў і дзеянняў не здарылася. Але асадачак застаўся.

Дарэчы, у маіх калегаў яшчэ ўзніклі сумневы адносна неадпаведнасці праграме тэстаў па матэматыцы і фізіцы, аднак я больш спецыялізуюся на гуманітарным блоку і гэтыя назіранні пакіну пакуль за дужкамі. Галоўная выснова тут: хацелі як лепш, а атрымалася…

4. Яшчэ адным цікавым момантам ЦТ-2020 можна назваць танцы з бубнам вакол сістэмы падрахунку балаў.

Яшчэ ў мінулым навучальным годзе РІКВ усіх ашаламіў кардынальным змяненнем сістэмы падліку. Калі спрасціць, то яна прывяла да наступнага: слабыя і сярэднія абітурыенты сталі атрымліваць больш балаў, а абітурыентам з добрымі ведамі атрымаць 80+ стала складаней.

Гэта выглядае так: у 2018 годзе мая вучаніца па грамадазнаўстве атрымала 93 балы, а ўжо ў 2019 годзе за ідэнтычныя памылкі (маецца на ўвазе суадносіны памылак у частцы А і часткі В) — усяго 86. Сістэма выклікала абурэнне як з пункту гледжання такой несправядлівасці адносна выдатнікаў, так і датычна магчымасці рандомна набраць 30—50 балаў, нават не маючы ніякага ўяўлення аб прадмеце.

Мае калегі праводзілі эксперымент, адпраўляючыся на ЦТ па кітайскай мове, ведаючы толькі, што «ніхао» — гэта прывітанне. І атрымлівалі вынікі — 34 балы.

Для чаго ўсё гэта рабілася і да чаго яно прывяло ў 2020 годзе? Катастрафічна нізкія сярэднія балы на ЦТ мінулых гадоў паказвалі на слабасць сістэмы сярэдняй адукацыі і неадпаведнасць іх з ацэнкамі ў школьных атэстатах. Але, як аказалася, гэта пытанні не да сістэмы адукацыі, а нібыта сістэма падліку была няправільная.

У 2019 годзе нібыта пачалі лічыць «дакладна», і РІКВ адрапартаваў, што сярэднія балы выраслі. Каб супакоіць грамадскасць, у 2020 годзе ў варыянты адказаў на ЦТ былі ўнесены дадатковыя варыянты адказаў. Напрыклад, па гісторыі Беларусі раней неабходна было выбраць з 4 варыянтаў, а цяпер з 5. Як запэўнівае РІКВ, гэта было зроблена, каб паменшыць уплыў рандомнага выстаўлення адказаў, каб розныя «хуліганы» не набіралі ўжо 34 бала, нічога не ведаючы. І ўсё ішло па масле да таго часу, пакуль не былі падлічаны балы на ЦТ па рускай мове.

Пасля першага ЦТ па беларускай мове адразу ж была дадзена статыстыка, па якой сярэдні бал у абітурыентаў зноў павысіўся. Значыць, усе сталі яшчэ разумнейшыя.

Але ўжо пачынаючы з рускай мовы РІКВ перастаў публікаваць сярэдні бал па прадметах. Ёсць асцярога, што статыстыка зноў перастала быць прэзентабельнай.

І тут далей яшчэ цікавей: пачынаючы з падліку вынікаў па трэцім ЦТ (гэта было грамадазнаўства) сістэму падліку змянілі ў бок павелічэння балаў у зоне 80+. Калі ў 2019 годзе абітурыент атрымліваў 94 балы, то ў 2020 годзе ён ужо атрымаў 96 балаў за ідэнтычную колькасць і якасць памылак. Такія ж змены адбыліся ў падліках па іншых прадметах.

Злева — табліца пераводу балаў на ЦТ па грамадазнаўстве сёлета, у 2020 годзе, а справа — мінулагоднія балы пераводу. То-бок за аднолькавы вынікі сёлета абітурыенты мелі магчымасць атрымаць большы бал. 

Злева — табліца пераводу балаў на ЦТ па грамадазнаўстве сёлета, у 2020 годзе, а справа — мінулагоднія балы пераводу. То-бок за аднолькавы вынікі сёлета абітурыенты мелі магчымасць атрымаць большы бал. 

Можа быць, арганізатары ЦТ прыслухаліся да нашых абурэнняў у мінулым годзе? Ці ўсё ж проста падчас ЦТ-2020 была падкручаная сістэма, каб зноў заявіць аб павышэнні сярэдняга бала і нашых чарговых перамогах у сферы адукацыі? Пытанне застаюцца адкрытым, але высновы аб сумнеўнасці такіх маніпуляцый напрошваюцца самі за сябе.

5. І ўсё ж мая пятая выснова будзе наступнай: пры ўсіх гэтых дзівацтвах і шурпатасцях, абвостраных яшчэ і каранавірусным уплывам, ЦТ было і працягвае заставацца тым нешматлікім інстытутам, якому давярае асноўная частка ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу.

Абітурыенты рыхтуюцца да сумленных выпрабаванняў, іх бацькі ўкладваюць сілы і сродкі менавіта ў адукацыю дзяцей, а не хабар членам камісій, рэпетытары моцныя менавіта ў плане падрыхтоўкі па прадметах, а не сувязях у прыёмных камісіях. І, пазбавіўшыся такога механізму, як ЦТ, мы атрымаем нашмат больш праблемных пытанняў, чым спрэчкі аб слове «экзальтаваны» або розныя погляды на матэматычныя падлікі балаў.

І нават сцверджанне аб тым, што «сельскія дзеці не маюць доступу да курсаў і рэпетытараў» руйнуюцца дзякуючы ЦТ 2020 года. Бо, як ілюстрацыя, у нашым адукацыйным цэнтры мы за некалькі дзён змаглі перастроіцца на анлайн-навучанне, і яно паказала сваю эфектыўнасць: было падрыхтавана тры 100-бальнікі (гэта нашы вучні з Петрыкава, Талачынскага раёна і Мінска) і вялікая колькасць дзяцей з баламі 80+ з усёй рэспублікі. Такім чынам, ужо далёка не толькі менскія дзеці маюць магчымасці рыхтавацца дадаткова. Таму будзем верыць, што нас чакае ЦТ-2021, акультуранае адсутнасцю каранавіруса і яшчэ больш правільнай сістэмай падліку балаў.

Чытайце таксама: Як падрыхтавацца да ЦТ ва ўмовах пандэміі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?