Рэжысёрка, грамадская актывістка Вольга Нікалайчык была затрыманая 7 чэрвеня супрацоўнікамі АМАП. У выніку ў ізалятары на Акрэсціна яна правяла роўна 30 сутак. 7 ліпеня пасля абеду Нікалайчык выйшла на волю, сваімі ўражаннямі яна падзялілася з «Нашай Нівай».

Вольга Мікалайчык у цэнтры. Фота Надзеі Бужан.

Вольга Мікалайчык у цэнтры. Фота Надзеі Бужан.

«Дваццаць двое сутак я правяла ў ШІЗА — гэта такая бетонная камера 2 на 2. Шконку прыкручваюць на дзень да сценак, толькі на ноч вяртухай іх адкручвае. Сядзіш цэлы дзень на металічным зэдліку 20 на 20, ён уразаецца ў дупу, у мяне там, мабыць, ужо квадрат.

Гарачую і халодную ваду ў ШІЗА ўвогуле адключылі. Толькі раз на суткі давалі літр халоднай вады, каб папіць, і літр, каб змыць «таўчок» і папраць трусы.

У звычайнай камеры на ЦІПе, дзе дасіджвала апошнія пяць сутак, не было толькі гарачай вады.

Трыццаць сутак мяне не вадзілі ў душ. Грабеньчыка не давалі, ва ўсіх забіралі расчоскі праз мяне. Толькі ўчора прыйшла нейкая старая баба з грэбнем, дык я ўпершыню схавалася і галаву расчасала.

Для мяне дзівам стала, што сёння выпусцілі: я настройвалася сядзець далей ці то 13, ці то 28 сутак. Яшчэ нават не зразумела. Я нават да крымінальнай справы была падрыхтаваная ўнутрана.

Вельмі халодна было ноччу. Вядома, не давалі ні коўдры, ні матрацаў. І тым, хто быў з намі, таксама не давалі пасцелі, каб яны палітычных успрымалі не дужа добра. Перадачы былі толькі ўчора і тыдзень таму.

У мяне быў моцны бранхіт, лячылі антыбіётыкамі праз акенца і нават праслухоўвалі колькі разоў. Дактары нічога, прэтэнзій не маю. Хаця яны таксама сведкі гэтых рэпрэсій. Доктарка хацела павесці мяне на здымак, але там не далі. На дадзены момант адчуваю сябе добра.

Увесь час трымаўся ціск у мяне, хоць я гіпатонік. Я першыя пяць ночаў увогуле не спала і не ела. Калі ўжо стала губляць прытомнасць, пачаліся глюкі, то тады памалілася і на наступны дзень прыйшла ў сябе. Потым стала ўжо засынаць ад стомленасці.

У камеры насупраць штоноч крычала армянка, якая жыве дзесьці за мяжой. Днём яна спала, а начамі нема крычала, для яе гэта быў шок. Немагчыма было спаць, я казала, вы чалавека заб’яце, у яе інсульт будзе, ратуйце. Праз 10 дзён яе забралі.

На вуліцу сталі выводзіць толькі на 23-я суткі, на паўгадзіны. У ШІЗА вокны, вядома, былі зачыненыя. Для мяне ШІЗА ўпершыню, такі новы досвед. Кніг не далі, акуляраў, нічога. Добра, што не раздзелі дагала», — расказала Вольга Нікалайчык.

Нікалайчык была затрыманая за ўдзел у перадвыбарчым пікеце 7 чэрвеня, які праходзіў ля Камароўскага рынку. На наступны дзень суддзя Першамайскага суда Настасся Ляйкоўская асудзіла яе на 15 сутак арышту. 

Яшчэ па 15 сутак спадарыня Нікалайчык атрымала за удзел у зборы подпісаў на Камароўцы 30 і 31 мая. А да 13 сутак яна была асуджаная за ўдзел у стрыме Сяргея Ціханоўскага, які адбываўся яшчэ ў сакавіку ля Нацыянальнай бібліятэкі. 

Вользе Нікалайчык 51 год, яна родам з Мінска. Блізкая да кампаніі «Еўрапейская Беларусь», а таксама «Народнай грамады» Мікалая Статкевіча. Спрабавала зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу на вылучэнне кандыдаткай у прэзідэнты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?