Удакладнена: 6 ліпеня штаб Віктара Бабарыкі ўнёс змены ў табліцу з колькасцю подпісаў, перададзеных у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі. Некаторыя несупадзенні з афіцыйнай статыстыкай выправіліся, некаторыя ўсё яшчэ актуальныя
Чытайце. Штаб Бабарыкі ўдакладніў інфармацыю: подпісы ў Стоўбцах і Уздзе ўсё ж былі здадзеныя
***
«Наша Ніва» прааналізавала колькасць подпісаў, якія залічылі Віктару Бабарыку ў кожным з раёнаў Беларусі (даступныя звесткі па ўсіх абласцях, апроч Гомельскай), і параўнала іх з дадзенымі штаба. Атрымалася абы-што.
Віктар Бабарыка заносіць дакументы ў ЦВК. Фота Надзеі Бужан
Сітуацыя першая. Подпісы былі сабраныя, але іх не паспелі здаць
Паводле Выбарчага кодэкса, здаваць подпісы ў тэрытарыяльныя камісіі (а іх каля 150 па ўсёй краіне) могуць толькі тры чалавекі. Гэта рэгіянальны каардынатар, калі ён быў пазначаны пры рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, кандыдат ці кіраўнік штаба.
І Віктар Бабарыка, і яго сын Эдуард (кіраўнік штаба) былі арыштаваныя, таму не паспелі падаць подпісы ў больш за 60 раёнаў.
Асабліва крыўдна за буйныя пакеты дакументаў — у Лідзе прапалі 4292 подпісы, у Пружанах — 983 подпісы. А 9 тысяч подпісаў з Першамайскага раёна Мінска Бабарыка вёз з сабой, калі яго затрымалі.
Сітуацыя другая. Бабарыку залічылі ўсе галасы
Такое здарылася толькі ў Пінску (2887) і ў Салігорскім раёне (4962).
Сітуацыя трэцяя. У Бабарыкі зрэзалі частку галасоў, але астатняе залічылі
Па законе ў кандыдата можа быць не больш за 15% «няправільных» подпісаў. У прынцыпе, гэта абсалютна нармальная сітуацыя.
Напрыклад, у Асіповічах у Бабарыкі забралі толькі 1 подпіс, у Слуцку — 117 (5%). Такіх раёнаў агулам 17.
Сітуацыя чацвёртая. У Бабарыкі было больш за 15% «няправільных» галасоў, але рэшту яму ўсё адно пакінулі.
Паводле заканадаўства, камісія павінна праверыць не менш за 20% атрыманых подпісаў. Калі ў іх ёсць 15% несапраўдных подпісаў, то на праверку бярэцца яшчэ 15%.
Пасля аналізуюцца гэтыя правераныя 35%. Калі ў іх па-ранейшаму больш за 15% несапраўдных подпісаў, то ў сметніцу адпраўляюцца ўсе галасы за кандыдата.
У чатырох раёнах у Бабарыкі нібыта зашкальвала колькасць няправільных подпісаў, але рэшту яму ўсё адно чамусьці залічылі.
У Пінскім раёне было пададзена 477 подпісаў, аднак прызналі сапраўднымі 334 подпісы. Атрымліваецца, камісія зарэзала 143 подпісы (30% ад агульнай колькасці). Значыцца, паводле закона трэба было выкідаць і астатнія 334.
Такая ж гісторыя была ў Міёрах, Смалявічах і Ляхавічах.
Сітуацыя пятая. Бабарыку залічылі больш галасоў, чым падавалася
Штаб Віктара Бабарыкі запэўнівае ў дакладнай верыфікацыі сваіх дадзеных. Інфармацыю пра колькасць подпісаў правяралі адразу некалькі чалавек. Таму абсалютна незразумелай выглядае сітуацыя ў 13 раёнах Беларусі — тут Бабарыку нібыта залічылі больш, чым было пададзена.
Паводле падлікаў штаба, існавалі раёны (Стаўбцоўскі, Уздзенскі і Чэрвеньскі), у якія ўвогуле не падаваліся подпісы. Выявілася, што іх падаваў кіраўнік штаба Эдуард Бабарыка, аднак не паспеў паведаміць пра гэта, таму што быў затрыманы.





