Разам з Букмекерскай канторай Леон мы працягваем асвятляць чэмпіянат Беларусі па футболе.
Дарэчы, пра вірус. Згодна з інфармацыяй спартыўных медыя, «карону» падхапілі некалькі футбалістаў і супрацоўнікаў брэсцкага «Дынама». Клуб нібыта спрабаваў перанесці гульню са «Смалявічамі», але федэрацыя футбола адмовіла.
Пасля гульні з тымі жа «Смалявічамі» без галоўнага трэнера застаўся «Слуцк». Усяго два балы ў апошніх васьмі матчах, праблемы з фінансамі — усё гэта вылілася ў рашэнне Віталя Паўлава, цяпер каманду будзе трэніраваць ягоны памочнік Аляксандр Кончыц.
Яшчэ ў красавіку Віталя Паўлава прызнавалі найлепшым трэнерам месяца, а ў канцы чэрвеня ён сышоў у адстаўку. Фота: ФК «Слуцк»
Мінулы тур аказаўся багатым на неспадзяванкі. Спачатку «Энергетык-БДУ», гуляючы ўдзесяцёх з 27-й хвіліны, разграміў «Славію» з лікам 5:0, потым «Мінск» здабыў нічыю ў гульні з «Шахцёрам», а «Нёман» у заходнім дэрбі перамог брэсцкае «Дынама» і заскочыў на трэцяе месца.
Мінскае «Дынама» змагло ўпершыню за 5 гадоў абгуляць БАТЭ — Кучук з першага раза зрабіў тое, што не атрымалася ў Гурэнкі за шмат спробаў. Мяркуем, за гэта трэнеру і гульцам даруюць нязграбныя матчы, якіх у першым крузе было нямала.
19-гадовы Даніл Шапко правёў другі матч «на ноль». Фота: ФК «Дынама-Мінск»
Вось вынікі матчаў:
- «Энергетык-БДУ» — «Славія» 5:0 (4, 58, Яхшыбоеў; 47, Твэ; 70, 90, Соўпель)
- «Смалявічы» — «Слуцк» 2:1 (19, 57, Джыгера — 16, Сярдзюк)
- «Мінск» — «Шахцёр» 1:1 (66, Ар. Васільеў — 56, Дыясамідзэ)
- «Нёман» — «Дынама-Брэст» 1:0 (18, Забелін)
- БАТЭ — «Дынама-Мінск» 0:2 (64, Шыкаўка; 66, Казлоў)
- «Тарпеда-БелАЗ» — «Віцебск» 1:0 (69, Габрыэль Рамас)
- «Рух» — «Белшына» 3:0 (12, Дзіяла; 43, Арашкевіч; 45, Васільеў)
- «Гарадзея» — «Іслач» 0:2 (3, Макась; 54, Янсанэ)
ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА
А цяпер пераходзім да матчаў 16 тура.
«Славія» — «Слуцк»
- 03.07, 17:00. Мазыр, стадыён «Юнацтва».
- Каэфіцыенты: «Славія» (перамога) — 2.34; нічыя — 3.40; «Слуцк» (перамога) — 3.36.
Цікава будзе паназіраць, як памяняецца «Слуцк» пад кіраўніцтвам новага трэнера, але, мяркуем, розніцы асаблівай мы не пабачым. Тым больш з праблемамі фінансавымі застаюцца праблемы кадравыя: ёсць інфармацыя, што лаўка запасных случчакоў у Мазыры амаль цалкам будзе складацца з дублёраў.
«Славіі» пасля ганебных 0:5 нельга не скарыстацца такім падарункам.
Прагноз «НН»: перамога «Славіі».
«Смалявічы» — «Дынама-Брэст»
У апошнім матчы першага круга «Смалявічы» на сваім полі скарацілі адставанне да мяжы зоны вылету да чатырох балаў.
Фота: ФК «Смалявічы»
Пра праблемы берасцейцаў мы напісалі вышэй. Сярод тых, хто хварэе, лідары каманды: Аляксандр Наёк, Дзяніс Лапцеў, Сяргей Ігнатовіч і Раман Юзапчук.
Увесну «Смалявічы» змаглі даць бой Брэсту і ўвесці адтуль нічыю, ці атрымаецца зачапіцца на гэты раз?
Прагноз «НН»: нічыя.
БАТЭ — «Энергетык-БДУ»
- 04.07, 16:00. «Барысаў-Арэна».
- Каэфіцыенты: БАТЭ (перамога) — 1.36; нічыя — 5.10; «Энергетык-БДУ» (перамога) — 11.00.
Памятаеце самы першы матч гэтага чэмпіянату і феерыю Яхшыбоева? Тады «Энергетык» моцна шчоўкнуў БАТЭ па носе, і, магчыма, менавіта тая параза моцна зматывавала барысаўцаў.
Відавочна, у суботу падначаленыя Альшэўскага паспрабуюць здабыць рэванш, а пасля паразы ў беларускім класіка БАТЭ будзе асабліва злое.
Прагноз «НН»: перамога БАТЭ.
«Гарадзея» — «Віцебск»
- 04.07, 18:00. Стадыён «Гарадзея».
- Каэфіцыенты: «Гарадзея» (перамога) — 3.95; нічыя — 3.35; «Віцебск» (перамога) — 2.14.
У Жодзіне перарвалася 7-матчавая серыя «Віцебска» без параз. Цяпер віцяблянам трэба ўсё пачынаць нанова.
З паўночнай камандай трэніруецца Арцём Салавей, які раней ужо гуляў за «Віцебск». Імаверна, ён стане першым падпісаннем каманды ў летняе трансфернае акно.
У «цукровых» таксама варта чакаць кадравых зменаў, але пакуль навінаў не было.
Прагноз «НН»: перамога «Віцебска».
«Нёман» — «Іслач»
- 04.07, 20:00. Гродна. ЦСК «Нёман».
- Каэфіцыенты: «Нёман» (перамога) — 2.45; нічыя — 3.35; «Іслач» (перамога) — 3.20.
Вельмі цікавая афіша. «Нёман» працягвае збіраць перамогі, а «Іслач» нарэшце прыйшла ў прытомнасць — чатыры матчы каманда Жукоўскага не прайграе.
Анансаваны пераход Янсанэ ў «Шахцёр» пакуль не адбыўся. Сам жа афрыканец адзначыўся голам у браму «Гарадзеі». Ці згуляе ён у Гродне, пакуль невядома.
Апошні раз «Нёман» выйграваў у «Іслачы» амаль два гады таму — тады ў Гродне быў зафіксаваны лік 6:0. Ці атрымаецца ў гарадзенцаў зноў перамагчы?
Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.
«Мінск» — «Белшына»
- 05.07, 16:00. Мінск. Стадыён «Трактар».
- Каэфіцыенты: «Мінск» (перамога) — 1.90; нічыя — 3.48; «Белшына» (перамога) — 4.85.
У «Мінска» актыўная фаза абнаўленняў. У клубе змяняецца менеджмент і прэс-служба, каманда анансавала пераход да новай філасофіі «каманды вялікага горада», абнавіла форму, сайт і сацсеткі.
Фота: ФК «Мінск»
Складана сказаць, ці дасць гэта нейкі плён, пакуль каманда гуляе на ўбогім «Трактары» з хранічна бруднымі сідушкамі. Але за спробамі будзем сачыць.
Вышэй мы распавялі пра адстаўку ў «Слуцку», але не згадалі, што і ў «Белшыны» будзе новы трэнер — клуб канчаткова пакінуў Эдуарда Градабоева без працы (вясной трэнера адпраўлялі ў адпачынак).
Прагноз «НН»: «Мінск» выйграе.
«Тарпеда-БелАЗ» — «Шахцёр»
- 05.07, 18:00. Жодзіна. Стадыён «Тарпеда».
- Каэфіцыенты: «Тарпеда» (перамога) — 6.05; нічыя — 4.00; «Шахцёр» (перамога) — 1.65.
Матч тура пройдзе ў Жодзіне, дзе сустрэнуцца суседзі па турнірнай табліцы. «Тарпеда» нарэшце змагло выйграць, а вось «Шахцёр» тры туры перамагчы не можа — у каманды Вернідуба серыя з трох нічыіх. Але, дзякуючы мінскаму «Дынама», адрыў БАТЭ не павялічыўся, а нават наадварот.
У першым туры жодзінцы змаглі перамагчы ў Салігорску, ці атрымаецца паўтарыць такі ж трук і дома?
Прагноз «НН»: тотал, меншы за 2.5.
«Рух» — «Дынама-Мінск»
- 05.07, 20:00. ДАСК «Брэсцкі».
- Каэфіцыенты: «Рух» (перамога) — 4.25; нічыя — 3.50; «Дынама» (перамога) — 2.00.
«Дынама» пасля перамогі ў класіка адпраўляецца ў госці да каманды, якая абгуляла іх у першым туры. «Рух» яскравай перамогай над «Белшынай» скончыў першы круг і ў неблагім настроі рыхтуецца да прыезду моцнага суперніка.
На гэтым тыдні два брэсцкія клубы правярнулі абмен — з «Руха» ў «Дынама» вярнуўся Павел Сядзько, а ў зваротным кірунку быў адпраўлены Яўген Шаўчэнка, у якога не пайшла гульня ў складзе чэмпіёнаў. Ці дапаможа гулец зборнай сваёй новай камандзе?
Прагноз «НН»: «Дынама» выйграе.
У сувязі з распаўсюдам каранавіруса мы не раім вам наведваць людныя мерапрыемствы, у тым ліку футбольныя матчы. Калі ўсё ж вырашыце пайсці на стадыён, прытрымлівайцеся мераў засцярогі.
Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах. Калі лічыце сябе экспертам у беларускім футболе, зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Леон!





