Юрыст і экс-адвакат Ігар Рынкевіч піша ў сваім фэйсбуку, што кіраўнік Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў, сенатар Чайчыц нібыта арганізоўвае калегам-адвакатам, якія падпісалі зварот рэспубліканскай калегіі, «выклікі на дыван». Не вытрымаў гэтага і напісаў адкрыты ліст адвакат Уладзімір Сазанчук, які абараняе Мікалая Статкевіча і блогера Дзмітрыя Казлова («Шэры кот»).

Уладзімір Сазанчук

Уладзімір Сазанчук

«Знаходзячыся ў адвакацкай супольнасці, надыходзіць момант, калі варта прызнаць, што сорамна ўдзельнічаць ва ўчыненым прававым бязмежжы па палітычных справах, робячы выгляд, што ад цябе нешта залежыць», — піша адвакат.

Сазанчук адзначае, што крымінальная справа высмактаная з пальца, што гэта не следства, а, кажучы словамі Статкевіча ў адміністрацыйным судовым разглядзе, цырк.

Спачатку Сазанчука дапусцілі да абароны Статкевіча. Пазней з ім быў заключаны дагавор на абарону блогера Казлова, вядомага як Шэры Кот.

Адвакат перадаў органам следства адпаведнае апавяшчэнне і ордар на абарону, каб атрымаць дазвол на допуск у СІЗА.

Калі адвакат прыехаў па дазвол, ад яго запатрабавалі даць падпіску аб невыдаванні звестак следства па гэтай справе, якая з'яўляецца агульнай і для Статкевіча, і для блогера Казлова. З запатрабаваннем адвакат не пагадзіўся. Тады сілавікі заявілі, што ў такім разе адмаўляюцца выдаваць дазвол на допуск да Казлова і ажыццяўленне яго абароны.

«Для чаго падпіска? Каб трымаць сакрэт палішынеля, што ніякай справы, ніякага злачынства няма, як такога. І далей нагнятаць страшылкі пра нейкія судзімыя элементы, затрыманыя разам з Ціханоўскім у Гродне. […] У чым віна гэтых хлопцаў, што праходзяць па справе? У тым, што не пабаяліся выступіць з патрабаваннем правядзення дэмакратычных выбараў і адыходу Лукашэнкі з пасады. Пры гэтым не заклікалі ні да гвалту, ні да пагромаў», — піша Сазанчук.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0