Блогера і ўдзельніка праекта obzoor.by Івана Пруса, паводле інфармацыі Telegram-канала «Отчислено», затрымалі ў пятніцу каля 17:00. Прычынаю стаўся званок у Маскоўскі РУУС, дзе ён спрабаваў даведацца: як трэба сябе паводзіць на вуліцы, каб не апынуцца ў аўтазаку. Відэазапіс размовы набраў больш за 8 тысячаў праглядаў, піша belsat.eu

«Калі коратка: не турбуйцеся, анікога анідзе ў аўтазакі не забіраюць. Так што можна расслабіцца і спаць спакойна. А міліцыя ўжо паклапацілася аб нашым спакоі», — падвёў ён вынік.

Зараз Іван знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна, а ў панядзелак яго чакае суд паводле арт. 17.1 КаАП РБ (дробнае хуліганства).

Гэтую інфармацыю «Белсату» пацвердзілі і ўдзельнікі праекту obzoor.by.

«Так, Ваню затрымалі. Ён на Акрэсціна. Зараз шукаем яму адваката і адпраўляем тэлеграмы ў ІЧУ, каб ён не сумаваў», — паведамілі нам.

Таксама яны распавялі, што Івана затрымалі недзе ў горадзе, магчыма, за ім сачылі.

Пасля брутальнага разгону чаргі да крамы Symbal.by у Менску шмат хто з беларусаў пачаў тэлефанаваць у РУУС і пытаць, як знаходзіцца на вуліцы і не быць затрыманым. Аднак Іван — першы чалавек, якога затрымалі праз гэта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0