19 чэрвеня ў цэнтры Гомеля затрымалі двух хлопцаў з інваліднасцю. У гэты час гараджане ўтварылі ў раёне цырка «жывы ланцуг» салідарнасці з затрыманымі палітыкамі. Супрацоўнікаў АМАП не спыніла ні тое, што хлопцы — інваліды па слыху, ні тое, што адзін з іх страціў прытомнасць. Карэспандэнтка «Моцных Навін» сустрэлася з хлопцамі, каб даведацца, як яны патрапілі ў рукі АМАПа і чым, уласна кажучы, выклікана затрыманне.

Як распавялі браты, да іх падышлі супрацоўнікі АМАПа і на пальцах паказалі, што далей ісці нельга. Не зразумеўшы, у чым справа, хлопцы пайшлі гуляць. Але прагулка была нядоўгай — праз дзесяць хвілін іх затрымалі.

Віталь спрабаваў растлумачыць супрацоўнікам АМАПа, што нічога не чуе. «Я хацеў учапіцца ў кветнік з кветкамі, але мяне хапалі, — кажа гамяльчук, паказваючы сінякі на руках. — Я крычаў, мяне неслі, мне стала цяжка дыхаць, і я страціў прытомнасць. Мне было балюча. Мабыць, калі падымалі, я стукнуўся галавой аб асфальт. У аўтобус мяне хутка занеслі на сядзенні. Далей я памятаю, што мяне абліваюць вадой. Тады я расплюшчыў вочы. Пару разоў на галаву вылілі ваду, я быў увесь мокры. Я паказваў, што мне дрэнна».

«АМАП схапіў без размоў. Мы ж не чуем. Яны былі ў масках, — працягвае Андрэй. — Мяне спачатку завялі ў зялёны аўтобус з кратамі. Потым праз нейкі час убачыў, што брата нясуць. Яму было дрэнна, ён ляжыць. Я стаў плакаць, спалохаўся. АМАП нічога не рабіў, яны спачувалі, далі яму вады, прыводзілі да прытомнасці».

Неўзабаве для Віталя выклікалі «хуткую». Яму праверылі ціск, узялі кроў на аналіз. Хлопца не дапытвалі, лекаў не давалі, але, як толькі ён супакоіўся і яму стала лепш, адпусцілі дадому. Дадому Віталь адправіўся пешшу, але там брата не знайшоў.

«Мама вельмі спалохалася. Мы чакалі ўсю ноч, не спалі. Пазней ёй сказалі, дзе знаходзіцца брат, а на наступны дзень ён сам прыйшоў», — распавядае Віталь.

Пакуль Віталя быў у «хуткай», Андрэя перавялі ў чырвоны аўтобус. «Нас было 6 мужчын. Што далей было з братам, я не ведаў. Вельмі хваляваўся: ці будуць яго біць, куды яго вязуць, чаму мы асобна. Я маўчаў і не супраціўляўся».

Прыехаўшы ў пастарунак, Андрэй распавёў, дзе быў і што рабіў. «Мы не ведалі, што адбываецца. Можа, у падтрымку Лукашэнкі. Усе пляскалі, і мы пляскалі. Усё гэта я распавёў у міліцыі», — кажа хлопец.

Там яго сфатаграфавалі, праверылі заплечнік, далі падушку і матрац і адвялі ў камеру.

«Думаў, мяне адпусцяць, але не. Я спалохаўся. Заслаў, глядзеў у акно. Хацеў дадому, знерваваўся, лёг спаць. Раніцай мяне абудзілі, потым сказалі: спі далей. Далі манную кашу і гарбату з хлебам. Хлеб быў зусім сухі, яго не стаў есці. Я паеў і лёг спаць зноў. А 13-й гадзіне зноў мяне абудзілі, далі гатовы пратакол, я яго прагледзеў, не ўсё зразумеў, але падпісаў. Мяне адпусцілі ў 14:30», — успамінае Андрэй.

Андрэй перажывае, што будзе суд і яго аштрафуюць. «Я дома, нікуды не хаджу і нічога не парушаю», — скончыў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0