Скульптар Ігар Засімовіч вырабіў мемарыяльную дошку ў памяць пра народнага пісьменніка Васіля Быкава. Карэспандэнтка агенцтва «Мінск-Навіны» даведалася, дзе і калі яе ўсталююць.

Ініцыятарамі ўстаноўкі мемарыяльнай дошкі ў гонар класіка беларускай літаратуры выступілі дабрачынны фонд Марыі Магдалены Радзівіл і Асацыяцыя беларусаў Швейцарыі пры падтрымцы МЗС, Міністэрства культуры і Мінгарвыканкама. Яшчэ ў 2018 годзе з'явілася такая ідэя, былі сабраныя сродкі на стварэнне і ўстаноўку дошкі.

Вырашылі зрабіць вертыкальную кампазіцыю — 1,83 м у даўжыню і 0,5 м у шырыню. Памер абумоўлены месцам устаноўкі — на пілоне дома №10 на вуліцы М. Танка, у якім доўгі час і жыў пісьменнік.

Цэнтральную частку дошкі займае партрэт класіка, адліты ў бронзе.

Сама мемарыяльная дошка выканана з латуневага ліста. На яго нанесены фрагмент тэксту з твора літаратара. Што канкрэтна, пакуль не агучваюць — хочуць захаваць інтрыгу да цырымоніі адкрыцця.

Першапачаткова ўсталяваць мемарыяльную дошку планавалі ў маі, але з-за пандэміі вырашылі перанесці на больш позні тэрмін — на восень. Магчыма, мерапрыемства адбудзецца ў лістападзе. Праца гатовая і чакае свайго часу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0