Патэнцыйнаму кандыдату на пасаду прэзідэнта Беларусі і галоўнаму суперніку Аляксандра Лукашэнкі Віктару Бабарыку выставілі крымінальнае абвінавачанне, паведаміў ягоны адвакат «РИА Новости».

Артыкул, у парушэнні якога яго абвінавачваюць, не выдаецца.

Адвакат падкрэсліў, што «Віктар Дзмітрыевіч катэгарычна не згодны з выстаўленым абвінавачваннем». «Абарона настойвае на яго поўнай невінаватасці», — сказаў адвакат interfax.by.

Паводле яго слоў, Бабарыка «жывы і здаровы».

Нагадаем, што 11 чэрвеня прайшлі ператрусы ў Белгазпрамбанку, якім раней кіраваў Віктар Бабарыка, і ў кампаніях яго сяброў. А 18 чэрвеня Бабарыку і ягонага сына Эдуарда затрымалі і змясцілі ў СІЗА КДБ. Гэта здарылася пасля таго, як стала вядома, што каманда Бабарыкі сабрала рэкордную для Беларусі колькасць подпісаў у яго падтрымку. Усяго разам з Бабарыкам арыштаваныя як мінімум 20 яго сяброў, калег па бізнэсе і сяброў ініцыятыўнай групы.

Раней быў арыштаваны відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, які таксама заяўляў пра свае перадвыбарчыя намеры. Разам з Ціханоўскім па ягоных справах праходзяць каля дзесяці чалавек.

Акрамя іх, былі арыштаваныя вядомыя палітыкі Мікалай Статкевіч і Павел Севярынец за арганізацыю вулічных пратэстаў.

Ніколі раней перадвыбарная кампанія не праходзіла ў такой атмасферы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0