Дзьмітрый Гошка пасьля зьбіцьця

Дзьмітрый Гошка пасьля зьбіцьця

Увечары 19 чэрвеня айцішнік Дзьмітрый Гошка зь дзяўчынай выйшлі пакатацца на ровары і роліках. Яны ехалі, як і звычайна, ад дому да Плошчы Перамогі. Але гэтым разам апынуліся ў самым эпіцэнтры падзеяў акцыі салідарнасьці — Дзьмітрыя, па яго словах, затрымалі і зьбілі супрацоўнікі міліцыі. Хлопец распавёў «Свабодзе», як гэта было.

«Мы з маёй дзяўчынкай каталіся — яна на ровары, а я на ролікавых каньках. Калі даехалі да Плошчы Перамогі, там ужо ўсё было перакрыта. Я паглядзеў назад і ўбачыў, што за нашымі сьпінамі спыніўся аўтазак. Адтуль адразу выскачылі хлопцы з АМАПу і пачалі хапаць людзей. Мая дзяўчына пасьпела ўцячы, а я трымаў яе ровар, таму не адразу зразумеў, што рабіць. Тым больш я быў на роліках, на іх было цяжка кудысьці зьбегчы.

У наступны момант, кажа айцішнік, ён ужо апынуўся на зямлі.

«Пачалі жорстка затрымліваць. Рукі не заломвалі. Яшчэ адзін бегаў каля мяне. Чацьвёра трымалі ногі, двое трымалі рукі. Яшчэ адзін бегаў каля мяне, спрабаваў біць у бок. Пасьля гэтага завалаклі ў аўтазак. Хутчэй за ўсё, у гэты час мне пабілі нагу і бок. У аўтазаку білі рукамі і нагамі, ударылі па твары. Нос не зламалі, але кроў цякла з абедзьвюх ноздраў. Вусны таксама былі разьбітыя».

Затрымалі Дзьмітрыя ў 21:00, бо бачыў у тэлефоне прапушчаныя выклікі ад дзяўчыны, якая стала шукаць яго адразу пасьля зьнікненьня. Паводле хлопца, ніхто з супрацоўнікаў яму не прадставіўся і нічога не казаў, «акрамя мацюкоў і прыніжэньняў».

Сярод тых, хто затрымліваў Дзьмітрыя, былі як амапаўцы ў форме, так і супрацоўнікі ў цывільным. Твараў гэтых людзей Дзьмітрый добра не разглядзеў, бо яны былі схаваныя пад маскамі. Аднак хлопец не выключае, што пазнаў бы іх, калі б убачыў фота.

У аўтазаку, паводле Гошкі, было шмат іншых людзей. З Плошчы Перамогі затрыманых павезьлі за філярмонію ля мэтро «Якуба Коласа», дзе перавялі ў іншы аўтазак з так званымі «стаканамі». У такой камэры Дзьмітрый сядзеў яшчэ з двума студэнтамі мэдунівэрсытэта. Увесь гэты час Дзьмітрый заставаўся на ролікавых каньках.

«Яны разумелі, што ў мяне пабітая нага. Хуткую дапамогу не выклікалі. Былі людзі, у якіх пачыналася панічная атака. У кагосьці астма. Нікому не дапамаглі. Калі дзяўчынка папрасіла ваду, ёй гэтую ваду вылілі на галаву. Шмат было пагроз нават у бок жанчын, якія казалі: «Мы да вас ставімся станоўча, калі ласка, стаўцеся і да нас з павагай». А яны адказвалі толькі мацюкамі і пагражалі».

З затрыманымі аўтазак езьдзіў па горадзе яшчэ дзьве гадзіны: «І кідалі яшчэ людзей. Не садзілі, а менавіта кідалі. Некаторых прымушалі сядзець на падлозе. А там мая кроў засталася. Дарэчы, нават не дазволілі людзям, якія сядзелі побач са мной, даць мне сурвэтку. Потым мужчына, які сядзеў насупраць, даў маску, каб я хоць як-небудзь спыніў кроў з носу».

Пасьля гэтага людзей адвезьлі ў Ленінскае РУУС. Агулам, кажа Дзьмітрый, там было каля 30 чалавек, у тым ліку і журналісты.

«Там правялі вобшук. Пасьля нас правялі ў залю, хтосьці з супрацоўнікаў з намі размаўляў. Там я папрасіў выклікаць хуткую. І мяне з траўмамі адвезьлі ў бальніцу хуткай дапамогі».

Там Дзьмітрыю зрабілі рэнтген, КТ, УГД, бралі кроў. У даведцы, якую хлопцу выдалі ў бальніцы, напісана, што ў яго ўдар грудной клеткі зьлева, удар мяккіх тканін у скроневай вобласьці, падскурныя гематомы верхняй губы і крыла носа, удар пераносься, насавы крывацёк, удар грудной клеткі і жывата, удар у вобласьці плячэй.

Дадому хлопец вярнуўся а 2 гадзіне ночы. Цяпер Дзьмітрый адчувае сябе лепш, але кульгае і трымаецца за бок: «Падняцца па лесьвіцы і спусьціцца даволі складана», — кажа ён. Айцішнік упэўнены, што ён і людзі, якія апынуліся ў аўтазаку разам зь ім, ніяк не парушалі закон. А тое, як да іх паставіліся праваахоўнікі, недапушчальна.

«Гэты зьдзек зь людзей трэба спыніць. Цяпер я разумею, што паміж намі [і супрацоўнікамі міліцыі] велічэзная прорва».

Раней Дзьмітрый ніколі не ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, міліцыя яго не затрымлівала. І гэтым разам, кажа айцішнік, яны з дзяўчынай проста каталіся па праспэкце, а гэта не забаронена. Далей Дзьмітрый Гошка паспрабуе падаць заяву ў міліцыю на дзеяньні супрацоўнікаў, якія яго затрымлівалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?