Віктар Бабарыка ўсё яшчэ не на свабодзе, але гэта не перашкодзіць правесці працэс рэгістрацыі да канца. Пра гэта раніцай 20 чэрвеня паведамілі ў штабе патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты краіны.

«Наш штаб даводзіць працэс рэгістрацыі да канца. Таму сёння, 20 чэрвеня, мы падалі пакет дакументаў для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь у Цэнтральную выбарчую камісію», — гаворыцца ў паведамленні.

«Усе вы, удзельнікі ініцыятыўных груп і актыўныя грамадзяне Беларусі, аддалі шмат сілаў і часу, каб гэта адбылося. Неверагодны месяц і рэкордная колькасць сабраных подпісаў за вылучэнне альтэрнатыўнага кандыдата. Дзякуй вам! Менавіта гэтыя дзеянні дазволілі падаць сёння ў ЦВК поўны пакет дакументаў, у абсалютнай адпаведнасці з артыкулам 68 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь», — дапоўнілі ў штабе Бабарыкі.

Бабарыка меркаваў, што і яго, як Сяргея Ціханоўскага, могуць арыштаваць, але, у адрозненне ад Ціханоўскага, загадзя падрыхтаваў юрыдычны выхад з гэтай сітуацыі, аформіўшы даверанасць на адваката.

Юрыст Максім Знак, на якога Віктар Бабарыка выпісаў даверанасць на рэпрэзентацыю яго інтарэсаў у ЦВК, коратка распавёў пра сябе і план Бабарыкі.

«Я пазнаёміўся з Віктарам 27.05.2020. 28.05.2020 я стаў курыраваць юрыдычны кірунак у працы штаба. 20.06.2020 я па даверанасці падаў дакументы ў ЦВК для пачатку рэгістрацыі Віктара Бабарыка ў якасці кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Мабыць, гэта ўсе факты, якія вам трэба ведаць, каб зразумець, у чым заключаецца план Віктара Бабарыкі», — напісаў юрыст Знак.

«Яго план — гэта вы, — напісаў Максім Знак. — Гэта тысячы добрых і адважных людзей, якія адгукнуліся на заклік уступіць у ініцыятыўную групу і, не здагадваючыся аб тым, што гэта немагчыма, сабралі амаль 435 000 подпісаў. Гэта сотні тысяч тых, у каго прачнулася надзея на перамены. Гэта мільёны тых, хто будзе вырашаць лёс краіны — народ Рэспублікі Беларусь.

У фільме пра паўстанне рабоў пад правадырствам Спартака ёсць фінальная сцэна, дзе на пытанне легіянераў: «Хто Спартак?» пачулася шматгалосае «Я — Спартак!» — піша Максім Знак.

Максім Знак працуе кіраўнічым партнёрам у юрыдычнай кампаніі «АБ Бараўцоў і Салей БІС». 

Пра Максіма Знака чытайце таксама: Кандыдат у «жалезныя людзі»: як мінскі юрыст захапіўся трыятлонам, удзельнічае ў гонках на 226 км і забыў пра мігрэнь

Нагадаем, што 11 чэрвеня прайшлі ператрусы ў Белгазпрамбанку, якім раней кіраваў Віктар Бабарыка, і ў кампаніях яго сяброў. А 18 чэрвеня Бабарыку і ягонага сына Эдуарда затрымалі і змясцілі ў СІЗА КДБ. Гэта здарылася пасля таго, як стала вядома, што каманда Бабарыкі сабрала рэкордную для Беларусі колькасць подпісаў у яго падтрымку. Усяго разам з Бабарыкам арыштаваныя як мінімум 20 яго сяброў, калег па бізнэсе і сяброў ініцыятыўнай групы.

Раней быў арыштаваны відэаблогер Сяргей Ціханоўскі, які таксама заяўляў пра свае перадвыбарчыя намеры. Разам з Ціханоўскім па ягоных справах праходзяць каля дзесяці чалавек.

Акрамя іх, былі арыштаваныя вядомыя палітыкі Мікалай Статкевіч і Павел Севярынец за арганізацыю вулічных пратэстаў.

Ніколі раней перадвыбарная кампанія не праходзіла ў такой атмасферы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0