Галоўная агульная задача — абараніць краіну. Пра гэта Лукашэнка заявіў сёння на цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага комплексу памяці спаленых вёсак Магілёўскай вобласці ў вёсцы Боркі Кіраўскага раёна, перадае БелТА.

«Няма больш мірных людзей, чым мы — беларусы. Мы вельмі пакутавалі ў сваёй гісторыі, практычна ніколі не былі суверэннымі і незалежнымі. Гэтыя суверэнітэт і незалежнасць, у адрозненне ад многіх, перш за ўсё савецкіх, народаў, на нас зваліліся нечакана. Мы атрымалі 20 з лішнім гадоў таму назад асколак вялізнай імперыі. Без кіраўніцтва, урада, грошай. Дык што там без грошай — есці не было чаго», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што, атрымаўшы незалежнасць, беларускі народ за кароткі прамежак пабудаваў прыгожую, квітнеючую, ціхую і спакойную краіну.

«Але я ўявіць не мог, што праз 75 гадоў пасля перамогі над нацызмам і праз чвэрць стагоддзя пасля таго, як мы пачалі выбудоўваць гэты ціхі і спакойны дом, імя якому — Беларусь, нам зноў давядзецца (хай мірным шляхам на сённяшні дзень) адстойваць гэты мір і спакой».

«Я ніколі не думаў, што ў Беларусі могуць з'явіцца людзі, якія хочуць зламаць, знішчыць краіну, знявечыць памяць і ўсё тое, што зрабіў наш беларускі народ», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка заўважыў, што няма чагосьці небяспечнага і страшнага на сёння, нейкай катастрофы, у тым ліку ў свядомасці людзей, але «нам пастаянна падкідваюць, падкідваюць, нагнятаючы абстаноўку».

«Мы павінны захаваць сваю краіну. І мы яе захаваем», — падкрэсліў Лукашэнка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0