Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ў беларуска-расійскіх адносінах удасца вырашыць існуючыя праблемы. Аб гэтым ён заявіў сёння на сустрэчы з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым, перадае БелТА.

Улічваючы, што літаральна перад сустрэчай з міністрам Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў па тэлефоне са сваім расійскім калегам Уладзімірам Пуціным, Сяргей Лаўроў пачаў са слоў: «Я прывітанне не перадаю вам ад Уладзіміра Уладзіміравіча».

«Гэта я вам хачу перадаць, — адказаў Лукашэнка. — Я толькі што з ім размаўляў. Таму я вам перадаю прывітанне ад начальніка. У нас сапраўды адбылася такая адкрытая, добрая размова. Хаця многія тут думаюць, што ў нас нешта іскрыць. Нічога ў нас не іскрыць! Ёсць праблемы заўсёды».

«Іскра патрэбна для запальвання, каб паехаць наперад», — адзначыў Сяргей Лаўроў.

«Правільна, — пагадзіўся Аляксандр Лукашэнка. — Так мы і разглядаем нашы адносіны. Хапае, вядома, праблем і ў нас, і ў вас. Гэта і пандэмія (яна абвастрыла многія праблемы), і на міжнародным узроўні (вы гэта лепш за мяне адчуваеце і разумееце). І ў вас сёння палітычных праблем зашмат у сувязі з прыняццем новых паправак у Канстытуцыю. У нас — прэзідэнцкія выбары. Таму сапраўды, як у братоў, усё ідзе паралельна, люстрана праяўляюцца гэтыя праблемы, што ў вас, што ў нас».

«Думаю, мы іх вырашым. Гэта не катастрафічныя праблемы», — упэўнены Лукашэнка.

«Таму, калі нехта разлічвае сутыкнуць нас ілбамі і пагоршыць нашы адносіны, гэта не атрымаецца. Я з ім абсалютна згодны. Калі нехта на гэта разлічвае, гэтага сапраўды не будзе», — працягнуў кіраўнік дзяржавы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна