12 чэрвеня ў Наваполацку ў Дзвіне знайшлі цела забітай 16-гадовай дзяўчыны. «Наша Ніва» даведалася падрабязнасці трагедыі.

Ангеліна П. — першакурсніца наваполацкага музычнага каледжа. Дзяўчына вучылася на дырыжора акадэмічнага хора. Сама родам з-пад Лепеля, жыла ў інтэрнаце ад наваполацкага каледжа.

«Дзяўчынка вучылася нармальна, дысцыплінарных праблем не мела. Ні на якім уліку не стаяла, — распавяла «Нашай Ніве» дырэктарка каледжа Наталля Молісава. — Вучаніца знікла ўвечары ў чацвер, 11 чэрвеня. Яна не вярнулася ў інтэрнат: па правілах вучні мусяць быць у інтэрнаце не пазней за 22:00.

Тое, што дзяўчыны няма, заўважыла выхавацелька. Паведамілі пра гэта намесніцы дырэктара, тая ўжо выклікала міліцыю».

Цела дзяўчыны знайшлі на наступны дзень у Дзвіне.

Знаёмыя дзяўчыны кажуць, што яна пазнаёмілася з нейкім хлопцам у сацыяльных сетках. Перапісваліся праз «УКантакце». Там і дамовіліся пра сустрэчу.

На спатканні вырашылі выпіць на беразе Дзвіны. Там і здарылася бяда. Кажуць, што хлопец згвалціў дзяўчыну. Ці то перад гэтым, ці то пасля ён моцна збіў студэнтку.

«Там шмат траўмаў было: і выбітыя зубы, і сінякі, і іншае», — кажуць тыя, хто бачыў цела.

Цяпер хлопец затрыманы. Вядома, што яму 20 гадоў. Па чутках, ён не мясцовы, не з Наваполацка. Кажуць, што хлопец ці то сам здаўся міліцыі ў Магілёве, ці то ў Магілёве быў затрыманы.

Следства па справе працягваецца.

Ангеліну пахаваюць 15 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?