У рэдакцыю Hrodna.life даслалі відэа на песню Віктара Цоя «Перамен». На беларускай мове яе выканалі выпускнікі адной з гродзенскіх школ. Хлопцы расказалі, чаму вырашылі гэта зрабіць.

Былыя школьнікі адзначаюць, што раней не цікавілася палітыкай, але апошнія падзеі ў краіне, звязаныя з прэзідэнцкай кампаніяй, прымусілі іх выказацца.

«Гэтым відэа мы хочам паказаць, што мы неабыякавыя да сітуацыі ў краіне. Мы — маладыя грамадзяне Беларусі, і нам тут жыць. Мы хочам пераменаў, і гэта нармальна. А ненармальна тое, калі прэзідэнт парушае Канстытуцыю і кіруе краінай ужо 26 гадоў. Мы не кажам, што дрэнна жывём, але нам няма з чым параўноўваць і мы не ведаем, як жыць пры іншым прэзідэнце».

10 чэрвеня ў Мінску на выпускным гімназіст Уладзіслаў Рымашэўскі выказаўся пра будучыя выбары.

«Спадзяёмся, 9 жніўня адбудуцца змены. Жыве Беларусь!» Прамова мінскага выпускніка на лінейцы ўзарвала інтэрнэт ВІДЭА

Цяпер ён упэўнены, што з-за гэтага не зможа паступіць ва ўніверсітэт. Па гэтай прычыне гродзенскія выпускнікі не называюць свае імёны.

«Сваё відэа мы сталі рыхтаваць яшчэ да выпускных. Песню спецыяльна выбралі — яна ва ўсіх асацыюецца з пераменамі. Так, дзесьці з перакладам на беларускую мову атрымаліся накладкі, але мы стараліся. І мы разумеем, што ў нас могуць быць праблемы з паступленнем з-за гэтага відэа і таму мы не называем сваіх імёнаў.

Кажуць, у Беларусі свабода слова. Маўчаць мы не можам. Мы не заклікаем народ выходзіць на пратэсты, мы праспявалі пра сітуацыю, якая адбываецца сёння ў краіне: правакацыі на пікетах і затрыманні. Мы ж усё бачым, і гэта бесчалавечна. Мы хочам, каб у Беларусі будучыні быў выбар. І яшчэ мы чакаем пераменаў у культуры і не жадаем, каб беларуская мова памірала».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?