Алега Баброўскага з ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай затрымалі каля Камароўскага рынку ў Менску раніцай 7 чэрвеня за паркоўку ў забароненым месцы.

У нядзелю 7 чэрвеня на пляцоўцы перад Камароўскім рынкам у Менску павінен быў прайсьці вялікі пікет па зборы подпісаў за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай у якасьці кандыдаткі на выбарах прэзыдэнта Беларусі. Як расказалі Свабодзе сябры ініцыятыўнай групы Ціханоўскай, раніцай 7 чэрвеня перад пачаткам збору подпісаў ля Камароўкі быў затрыманы іх паплечнік Алег Баброўскі.

Прычынай затрыманьня стала тое, што ён запаркаваў аўтамабіль у забароненым месцы. Баброўскага зьвезьлі ў невядомым кірунку супрацоўнікі міліцыі. Праваахоўнікі забралі і аўтамабіль Баброўскага, у якім быў рыштунак для збору подпісаў, а таксама падпісныя лісты, як чыстыя, так і запоўненыя.

Як сказалі Свабодзе сябры ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, суд над Алегам Баброўскім адбыўся 8 чэрвеня. Актывіста прызналі вінаватым у непавазе да суду і прысудзілі яму 20 сутак арышту, а таксама штраф.

«Сабраныя подпісы нам не вярнулі, — сказала Свабодзе сяброўка ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Марыя Мароз. — Аўтамабіль Алега таксама не аддалі».

Па стане на 9 чэрвеня за кратамі знаходзяцца больш за дзесяць сяброў ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Частка зь іх, у тым ліку кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі, абвінавачваюцца па 342 артыкуле Крымінальнага кодэксу — арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?