Аляксандар Фурманаў, бацька затрыманага Зьмітра Фурманава

Аляксандар Фурманаў, бацька затрыманага Зьмітра Фурманава

Аляксандар Фурманаў зьвярнуўся да кіраўніка Беларусі з адкрытым лістом. Ягонага сына Зьмітра Фурманава, каардынатара ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай па Горадзенскай вобласьці, схапілі разам з крэслам з-за стала, дзе ён зьбіраў подпісы падчас пікету 29 траўня. «Свабода» прыводзіць ягоны ліст ніжэй цалкам.

«Адкрыты ліст-зварот да прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Лукашэнкі А. Р.

Ад падпалкоўніка ў адстаўцы, інваліда 2-й групы Фурманава Аляксандра Васільевіча, бацькі Фурманава Дзьмітрыя Аляксандравіча.

Паважаны Аляксандр Рыгоравіч!

Склаліся абставіны, якія вымусілі мяне зьвярнуцца да Вас з гэтым лістом-зваротам.

Я праслужыў у шэрагах Узброеных Сіл 27 гадоў. У 1989 годзе, пасьля заканчэньня вучобы ў ваеннай акадэміі імя Фрунзе ў горадзе Масква, я па ўласным жаданьні (бо меў на гэта права) быў накіраваны для далейшага праходжаньня службы ў Беларусь, горад Горадню на пасаду камандзіра вайсковай часткі. Зь велізарным задавальненьнем я са сваёй сям’ёй (жонка і два сыны) прыехаў у Беларусь.

На вялікі жаль, мы адразу ж сутыкнуліся зь цяжкасьцямі, асноўная зь іх — гэта адсутнасьць жытла, цягам 9 гадоў нам зь сям’ёй давялося бадзяцца па здымных кватэрах, жыць на тэрыторыі часткі ў прыстасаваным пад жыльлё памяшканьні. За гэты час наш старэйшы сын пасьпеў скончыць школу, адслужыць у арміі Рэспублікі Беларусь, ажаніцца і ў нас нарадзілася ўнучка. На нашу вялікую сям’ю мы зь цяжкасьцю атрымалі двухпакаёвую кватэру, у якой я пражываю з жонкай дагэтуль.

Нашыя абодва сыны Аляксей і Дзьмітры атрымалі вышэйшую адукацыю, скончылі ўнівэрсытэты, на дадзены момант па спэцыяльнасьці не працуюць, бо няма магчымасьці ўладкавацца на годную працу ў адпаведнасьці з атрыманай адукацыяй, усюды квітнее пратэкцыянізм, кумаўство, хабарніцтва.

Ужо падрасьлі ўнукі, іх у нас пяцёра ад старэйшага сына і праўнучка. Старэйшая ўнучка здымае кватэру (сваю пабудаваць няма ніякай магчымасьці), заканчвае горадзенскі ўнівэрсытэт [імя Янкі Купалы], унук вучыцца ў аграрным унівэрсытэце, абодва яны ня бачаць пэрспэктывы для нармальнага працаўладкаваньня па спэцыяльнасьці і годнага жыцьця ў нашай краіне, як і большасьць маладых людзей у Рэспубліцы Беларусь, мяркуюць, што давядзецца шукаць лепшага жыцьця за мяжой.

Дзьмітры Фурманаў за сталом, 29 траўня

Дзьмітры Фурманаў за сталом, 29 траўня

Наш сын Дзьмітры заўсёды адрозьніваўся высокім пачуцьцём нецярпімасьці да несправядлівасьці, неаднаразова зьвяртаўся да кіраўніцтва і адміністрацыі горада Горадня, дзе паказваў на выпадкі безгаспадарлівасьці і адсутнасьць належнага рэагаваньня чыноўнікаў на названыя недахопы.

На гэтай глебе ён увайшоў у кантакт з блогерам Ціханоўскім Сяргеем, падтрымаў ягоныя ініцыятывы па паляпшэньні жыцьця людзей у Рэспубліцы Беларусь.

Сам ён на дадзеным этапе ня мае ні кватэры, ні добрай працы, яму 36 гадоў, ня можа завесьці сям’ю, займець дзяцей.

29 траўня 2020 году ў горадзе Горадня праходзіў пікет па зборы подпісаў у падтрымку кандыдата ў прэзыдэнты Ціханоўскай Сьвятланы, у якім Дзьмітры ўдзельнічаў у якасьці падпісчыка, бо зьяўляецца сябрам ініцыятыўнай групы па горадзе Горадня.

Мы, як бацькі, прыехалі на плошчу горада Горадня, пабачыцца з сынам, прывезьлі яму перакусіць, бо ён не пражывае цяпер з намі, ён сядзеў за сталом і прымаў подпісы грамадзян.

У гэты час на нашых вачах адбылася правакацыйная акцыя супраць Сяргея Ціханоўскага, мы знаходзіліся побач са столікам, за якім працаваў Дзьмітры. У гэты момант шасьцёра маладых хлопцаў у грамадзянскай форме адзеньня падбеглі да сына, схапілі яго разам з крэслам і пацягнулі праз сквэр да аўтамабіля зь менскімі дзяржаўнымі нумарнымі знакамі. Я разам з жонкай і некалькімі сьведкамі пабег за імі. Яго запхнулі ў аўтамабіль, я спрабаваў спыніць рух аўтамабіля, устаўшы перад ім, але быў ледзь ня зьбіты, пры гэтым атрымаў траўму нагі, але аўтамабіль зьехаў у невядомым накірунку, ёсьць сьведкі, якія зьнялі дадзены інцыдэнт.

Цягам двух сутак мы з жонкай спрабавалі высьветліць, дзе знаходзіцца наш сын пасьля выкраданьня. На нашыя пытаньні ні ў адным РАУС горада Горадні мы не атрымалі пацьверджаньня, дзе ён знаходзіцца. На маю заяву ад 29 траўня 2020 году ў 22 гадзіны 45 хвілін у Ленінскі РАУС горада Горадні аб зьнікненьні сына, я да гэтага часу так і не атрымаў адказу.

Асабліва абураюць паводзіны супрацоўнікаў УУС у дачыненьні да грамадзян, якія зьвяртаюцца да іх па дапамогу. У будынак УУС не ўвайсьці, жалезныя дзьверы, краты, пытаньні канкрэтным асобам не задаць, дзяжурныя адмахваюцца ці ўвогуле не зьвяртаюць увагі.

Даведаўшыся зь іншых крыніц, што наш сын знаходзіцца ў Менску ў ІЧУ, мы выехалі ў Менск 1 чэрвеня для высьвятленьня абставінаў. Нам пацьвердзілі яго месцазнаходжаньне. У дадзены дзень скончылася трохсутачнае затрыманьне без прад’яўленьня абвінавачваньня і працягнулі тэрмін знаходжаньня ў ІЧУ да 10 сутак, пра што нам паведаміў адвакат.

У сувязі з вышэйпададзеным вымушаныя задаць Вам шэраг пытаньняў:

1. Чаму ў нашай дзяржаве не выконваюцца патрабаваньні асноўнага закону Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб свабодзе выказваньня грамадзян?

2. Чаму органы правапарадку замест абароны грамадзян ад самавольства выконваюць зваротныя дзеяньні?

3. Як нашым дзецям і ўнукам жыць у далейшым у такой бяспраўнай дзяржаве?

4. Чаму мой сын незаконна затрыманы і ўтрымліваецца ў ІЧУ?

Аляксандр Рыгоравіч, адкажыце мне як бацька бацьку, чаму Вашыя дзеці могуць працаваць і жыць годна, а мае дзеці ня маюць такой магчымасьці. Я на працягу ўсяго пражываньня ў Рэспубліцы Беларусь і маёй службы ў шэрагах узброеных сілаў заўсёды Вас падтрымліваў і ставіўся да Вас, як да законна абранага прэзыдэнта зь вялікай павагай.

Чакаю Вашага рэагаваньня на мой зварот.

Фурманаў А.В.».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?