Нібыта сацыяльна арыентаваная беларуская дзяржава чарговы раз прапанавала грамадзянам непрыкрыты сацыял-дарвінізм. У такіх умовах калектыўная пагроза эпідэміі ператвараецца ў мноства індывідуальных правін, прыхоўванняў і трагедый. І тым больш каштоўныя любыя праявы салідарнасці і калектыўнага грамадзянскага дзеяння, піша для «Нашай Нівы» Ян Фалькевіч.

* * *

Па-даследчыцку цікава (а па-людску страшна) назіраць, як у Беларусі разгортваецца неаб’яўленая пандэмія. Людзі ўсё больш перастаюць засцерагацца, асабліва тыя, каго прынята называць «простым народам».

Нягледзячы на пандэмію, працягваюцца спартовыя мерапрыемствы. На матчы «Дынама» Брэст — БАТЭ 20 мая прысутнічалі рэкордныя 4320 гледачоў. Пасля яго ў Брэсце адбыўся рэзкі рост колькасці пнеўманій. Фота Vera Eremova, Shutterstock.com.

Нягледзячы на пандэмію, працягваюцца спартовыя мерапрыемствы. На матчы «Дынама» Брэст — БАТЭ 20 мая прысутнічалі рэкордныя 4320 гледачоў. Пасля яго ў Брэсце адбыўся рэзкі рост колькасці пнеўманій. Фота Vera Eremova, Shutterstock.com.

Паколькі вышэйшая ўлада працягвае настойваць, што ўсё гэта — проста псіхоз, уся дзяржаўная сістэма хоцькі-няхоцькі вымушана дзейнічаць сувымерна. Вялікай памылкай было б сказаць, што ў краіне не робіцца нічога, але большасць эпідэміялагічных мераў хаатычныя, нескаардынаваныя і, галоўнае, неабавязковыя. Таму і людзі ў цэлым вымушаныя дзейнічаць падобным чынам: жыць далей, упарваючыся з будзённымі справамі, планамі і надзеямі, уціскаючы ўглыб занепакоенасць. Як вынік, расце свайго кшталту млявы паралюш трывогі, эмацыйнае здранцвенне; хвароба пераўтвараецца з агульнай пагрозы ў персанальную стыгму, небяспечную нязручнасць, якую можа зрабіць сябрам і калегам заражаны.

Дадзеная нататка, адзначу, адно толькі беcсістэмныя прыватныя ўражанні. Цалкам магчыма абгрунтаваць і супрацьлеглае меркаванне. Збіраць шырэйшую эмпірычную базу цяпер, аднак сабе даражэй.

***

Сем-восем тыдняў таму, калі ў краіне было каля 2—3 тысяч выпадкаў каранавіруса, народ пераймаўся санітарнай бяспекай заўважна больш, чым цяпер, калі мы маем ужо 50 тысяч пацверджаных і пад 30 тысяч актыўных выпадкаў. Я мяркую перадусім па Гродне, у якім я жыву, але даводзілася бачыць падобныя рэляцыі і з іншых, пераважна больш правінцыйных мясцін.

І гэта пры тым, што афіцыйным дадзеным, вядома, няма даверу. Цяжка знайсці адэкватнае тлумачэнне відавочным статыстычным супярэчнасцям), а параўнанне ўзроўню смяротнасці з іншымі еўрапейскімі краінамі з падобным насельніцтвам падказвае, што нешта ў беларускай сістэме падліку мае яўна прапагандысцкія мэты.

Тым не менш, якіх шэсць тыдняў таму мноства людзей (здаецца, не менш за палову) насіла маскі на гродзенскіх вуліцах, у крамах, на пошце і г.д. Нямала маіх прыяцеляў з самых розных, так бы мовіць, слаёў грамадства моцна перажывалі за сваё здароўе і бяспеку блізкіх. Ці не тузін знаёмцаў, каторыя маглі, сышлі ў аплачаны адпачынак, засцерагаючыся збыткоўных кантактаў на працы.

Час, аднак, ідзе, вішні адцвілі, рахункі за камуналку прыходзяць, дзеці хочуць есці; у цэлым хочацца жыць. Як вядома, ніякіх прычын дзеля афіцыйнага надзвычайнага становішча няма, а, адпаведна не прадугледжана і ніякіх сістэмных мераў эканамічнай падтрымкі. Гэта вельмі важна: большасць людзей мае вельмі абмежаваныя рэсурсы для індывідуальнага локдаўну.

Увогуле, цікава чарговы раз назіраць за вядомай тэндэнцыяй: як нібыта сацыяльна арыентаваная дзяржава прапануе грамадзянам непрыкрыты сацыял-дарвінізм. Вядомыя словы прэзідэнта пра тое, што дзяржава не будзе аддаваць грошы тых, хто гаруе, тым, хто лайдачыць. Хто не працуе — той не есць; no country for old men, метафарычна кажучы.

Такім чынам, шмат у каго па структурных прычынах не застаецца іншага выйсця, акрамя як пераймаць прыклад, і прынамсі спрабаваць жыць нармальным жыццём, чарговы раз на калектыўным узроўні трывіялізуючы ўчарашнюю безліч самаўпраўных надзвычайных становішчаў.

Натуральна, навіны пра пандэмію ператвараюцца ў будзённую руціну. Узгадайце, як уважліва мы ўсе сачылі месяц таму за кожным кавалачкам інфармацыі пра новыя выпадкі захворванняў, схаваныя смерці, адданасць лекараў і злачыннае крывадушша чыноўнікаў. Нішто з гэтага не сышло, але даўно замылілася ўваччу, а можа, і проста абрыдла, як і многія іншыя аспекты айчыннай рэчаіснасці. Усё гэта перашкаджае жыць нармальным жыццём. Лекары і медсёстры, вядома, не могуць сысці ад сваёй штодзённай вайны, але іншым няцяжка даць сабе рады як мага радзей думаць пра іх.

Наўрад ці можна казаць, што ўсё больш і больш людзей пераўтвараецца ў кавід-ідыётаў (covidiots), ці што мы маем справу з нейкай спецыфічна беларускай дэфектыўнасцю. Месяцы ізаляцыі і каранціну, прыпыненага жыцця, замарожаных планаў і фінансавай нястачы — гэта сапраўды вялікі выклік для псіхалагічнай стабільнасці. Па ўсім свеце, аднак, гэта калектыўнае намаганне: краіны і нацыі сыходзяць на каранцін (альбо больш-менш усвядомлена не сыходзяць, як Швецыя). Адчуванне супольнай мэты і еднасці лёсаў, відаць, сяк-так спрашчае індывідуальныя цяжкасці.

У Беларусі, аднак, на адзін з галоўных вынікаў пандэміі выглядае абвостранае ці не ва ўсіх стратах і класах адчуванне таго, што сёння кожны сам за сабе, сам-насам з патэнцыйнай бядой, пазбаўлены клопату і апекі дзяржавы ў пытаннях жыцця і смерці, нават калі рызыка апошняй перабольшаная ад страху. Спецыфічная логіка функцыянавання бюракратычнай сістэмы прадухіляе публічную шчырасць і давер; нярэдка слушныя, але хаатычныя дзеянні розных галін дзяржаўнага апарату ілюструюць узаемадзеянне інстытуцыйнай самоты чыноўніка-вінціка і ягонае разуменне маральных абавязкаў перад грамадствам.

Адмова прызнання сур’ёзнасці (ды й сутнасці) сітуацыі на найвышэйшым узроўні уплывае не толькі на практычную якасць паасобных санітарных засцярог, якія ўводзяцца там і сям. Рыторыка ўладаў мае згубны ўплыў і на крохкае адчуванне калектыўнасці, разбураючы і без таго зніклыя бачанні супольнага арыенціру, калектыўнай адказнасці за здароўе і бяспеку адно аднаго. Адсутнасць нават сур’ёзнай магчымасці для дзейнай рытарычнай альтэрнатывы непазбежна вядзе да нервовага калапсу мноства тых індывідуальных каранцінаў, што пачаліся ў нервовай абстаноўцы месячнай даўніны. Куды цяжэй самастойна навязаць сабе псіхалагічныя і фінансавыя цяжкасці ізаляцыі, калі жыццё вакол цябе точыцца ў звыклым рытме, у першую чаргу на ўзроўні індывідуальнага вымярэння вопыту ўзаемадзеяння з інтэрфэйсамі дзяржавы. Ніхто, іначай кажучы, не будзе зважаць на тваю добраахвотную ізаляцыю, калі спатрэбіцца вырашаць бюракратычныя справы ў дзяржаўных установах, рэгістраваць, сплачваць, афармляць і г.д. і да т.п.

Таму, ствараецца адчуванне, вялікае мноства людзей, хай і не надта ахвотна, жыве больш-менш як жыло. Тыя, хто браў платныя адпачынкі, ужо выйшлі на працу, бо вечна сядзець у тым адпачынку немагчыма, а на дыстанцыйны рэжым можа перайсці далёка не кожны; асабліва востра гэта адчуваецца ў правінцыі. Увесьчасную санітарную пільнасць таксама нялёгка падтрымліваць у рэжыме 24/7. Здаецца, большасці лёгка далося адмовіцца ад паціскання рукі, але не кожны дасць рады дзясяткі разоў за дзень мыць рукі, увесь час змяняць маскі, апрацоўваць антысептыкам усе пакупкі і г.д. Проста кажучы, на будзённым узроўні няпроста нармалізаваць руцінныя прадпісанні надзвычайнасці. Менавіта таму, трэба меркаваць, у крамах і публічных установах усё менш людзей у масках, чым было паўтара месяца таму. Эмацыйная патрабавальнасць такога рэжыму штодзённасці спараджае свайго кшталту чэрствасць; тое, што на першы погляд здаецца абыякавасцю і нядбайнасцю.

***

Важным вынікам таго, што кожны апынуўся практычна сам-насам з пагрозай, а дзяржава перакладае адказнасць за калектыўную бяспеку на індывідаў, ёсць і тое, што хвароба часам пераўтвараецца ў драматычную нязручнасць для навакольных. Як ні круці, але патрабаванні па ізаляцыі хворых і кантактаў дзейнічаюць; жыццё працягваецца, вірус распаўсюджваецца не горш, чым раней, але з наступствамі выпадзення з зададзенага дзяржавай нармальнага рытму будзённасці кожны змагаецца індывідуальна. У сацыяльных навуках падобныя стратэгіі ўлады крытычна аналізуюцца праз канцэпт рэспансібілізацыі (responsibilisation), фукадыянскага кшталту механізму ўсюдыіснага кантролю і эксплуатацыі.

Таму, відаць, здараюцца (па асабістых адчуваннях — даволі часта) выпадкі, калі людзі проста хаваюць (ці змушаныя хаваць) сваю хваробу, каб не збіраць на сябе віну за нязручнасці для іншых, якім твая хвароба ломіць планы, тое самае жыццё-як-звычайна, якое нярэдка стаіць на падмурку стомленай, крохкай і ўразлівай знямеласці, нямоглага спадзеву, што ўсё абыдзецца.

[Не выключаю, аднак, што ў некаторых выпадках гэта проста паэтызацыя ўпартай і тупой неахайнасці, для якой абсалютна не трэба структурнага неўрозу; вядзецца хутчэй пра розныя спосабы глядзець на адну і тую ж сітуацыю.]

Так, тэлеграм-канал «Сидим дома с отчислено» надоечы пісаў пра баранавіцкіх студэнтаў геаэкалогіі. Аднакурснікі настойліва прасілі небараку, які падхапіў вірус, не паведамляць адміністрацыі, каб тая не ўвяла нязручны падчас сесіі дыстанцыйны рэжым і адмену летняй палявой практыкі. Пасля публікацыі скрыншотаў у тым канале неабходныя меры былі прынятыя, і аднакурснікі пачалі абяцаць хвораму «салодкае жыццё»; калі б не ён, маглі б летам гарэлку піць у намёце».

Здавалася б, гэта выключны прыклад, але мноства выпадкаў з асабістага вопыту, на жаль, толькі пацвярджаюць яго. Напаўзнаёмы вайсковец-кантрактнік недзе месяц таму дзяліўся інструкцыямі, якія давяло да іх кіраўніцтва, маляўніча апісваючы абяцаныя пакаранні для тых, хто прынясе вірус у часць. Няцяжка ўявіць, наколькі падобная атмасфера спрыяе адкрытасці вайскоўцаў датычна стану свайго здароўя.

Але такіх настрояў не бракуе і без армейскай напругі. Можна меркаваць, што да падобных трактовак хваробы — шальмавання ахвяры — могуць быць схільныя і іншыя ў рознай ступені замкнёныя: узгадайма трывожныя гісторыі са Свята-Елісавецінскага праваслаўнага манастыра ў Мінску. Няцяжка ўявіць і тое, як пляма «заражанага» можа спараджаць нервовыя падазрэнні на вёсцы; у шчыльна знітаваных супольнасцях механіка выключэння заўсёды абвостраная.

Падазраю, кожны ведае такія прыклады абыякавасці са свайго атачэння — этычныя меркаванні не дазваляюць паглыбляцца ў дэталі — і нярэдка вядзецца далёка не пра тых людзей, якія адмаўлялі б небяспеку хваробы; справа, здаецца, большая, чым выпадковая сукупнасць неахайнасцяў. Натуральна, мы ўсе ведаем, што правільнай (сацыяльна прымальнай) рэакцыяй ёсць у першую чаргу спагада і клопат разам з максімальнай санітарнай адказнасцю. Тым не менш часам складаецца ўражанне, што заразіцца каронай у нашы дні ў Беларусі — асабліва чым далей ад тых сталічных колаў, дзе ўсе размовы толькі і ідуць што пра салідарнасць, супольнасці, інклюзію і эмпатыю — гэта ў першую чаргу зрабіць нязручнасць сабе ды наклікаць раздражненне блізкіх. Іначай кажучы, сапсаваць іх усё больш крохкі баланс бравады, страху і нядобраахвотнай згоды на нармальнасць. Відавочна, усе памятаюць і пра патэнцыйна цяжкія праблемы са здароўем, але пра гэта, здаецца, людзі імкнуцца размаўляць менш; непрыемная тэма.

Не трэба, аднак, успрымаць гэтую замалёўку як пагардлівую; аўтара, хутчэй, можна папракнуць за слабадаказальныя спробы расчытаць сацыяльную тканіну інвентаром уласнага эмацыйнага вопыту, і, адпаведна, за падазрэнні кожнага ў падобных настроях. Калі не ўсе, то большасць тых, хто перажывае пандэмію ў Беларусі — акрамя груп, якія і раней былі адсунутыя на ўзбочыны сацыяльнай актыўнасці, кшталту вялікай колькасці пенсіянераў — проста вымушаныя працягваць нармальнае жыццё, сутыкаючыся з эмацыйнымі наступствамі зламыснага хітраспляцення розных тэмпаў індывідуальнай бяспекі і дзяржаўнага маршу.

Можна было б, канешне, паразважаць і пра тое, якой мае быць адэкватная, інфармаваная індывідуальная і калектыўная рэакцыя на небяспеку пандэміі, наколькі ўвогуле варта празмерна непакоіцца; да таго ж размовы пра пэўны ўзровень лакалізаванай нізавой мабілізацыі не пазбаўленыя сэнсу. Гэты тэкст, аднак, пра іншае: пра тое спецыфічнае і сарамлівае, нібыта маргінальнае перакрыжаванне індывідуальнага і калектыўнага вопыту, дзе кожны рызыкуе застацца сам па сабе.

Удзельнікі ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі сустракаюцца са сваім кандыдатам. Фота з фэйсбука Віктара Бабарыкі.

Удзельнікі ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі сустракаюцца са сваім кандыдатам. Фота з фэйсбука Віктара Бабарыкі.

Так і жывём, у заблытаным павуцінні непакою і цяжкага забыцця, сузіраючы, як такое неабходнае пачуцце супольнага намагання выдыхаецца па волі тых, што кантралююць мусовыя тэмп і хаду жыцця ў краіне. Індывідуальныя магчымасці часцяком не дазваляюць крочыць не ў нагу, і таму калектыўная пагроза эпідэміі ператвараецца ў прыкрае мноства індывідуальных правін, прыхоўванняў і трагедый. Абстрагавана кажучы, мы жывём у часы багатыя на цяжкія і яркія эмоцыі, прыкрытыя перапляценнем руціннасці і надзвычайнасці. Але ў часы пандэміі нельга дазваляць сабе абстрагаванасць.

P.S. Варта, аднак, адзначыць і тое, наколькі дынамічны і насычаны цяпер калектыўны час. Гэтая нататка пачала складацца каля трох-чатырох тыдняў таму, і з тых часоў атмасфера паспела заўважна змяніцца. Выбарчая кампанія прынесла ў паветра даўно забытую электрычнасць, і, няма сумневаў, менавіта стаўленне ўладаў да людзей як да расходнага матэрыялу ва ўмовах пандэміі сталася важным трыгерам небывала масавага абурэння. Банкруцтва — і рэсурснае, і маральнае — сацыяльнага кантракту, якія дзесяцігоддзямі абяцаў (і сяк-так запэўніваў) народу стабільнасць і бяспеку ў абмен на пасіўную лаяльнасць, цяпер абвострана відавочнае. Палітычная якасць часу насычае яго скандэнсаванымі надзеямі, калектыўным адчуваннем выключнай значнасці моманту, адчуваннем, што перамены наспелі, што перасекліся лініі зносу таго, што доўга трывала.

Новыя прыклады грамадскай салідарнасці і падтрымкі з’яўляюцца ўсё часцей (чытайце, як лідскаму фельчару назбіралі 5к usd за паўдня), а людзі па ўсёй краіне выходзяць на пікеты і сходы у падтрымку кандыдатаў у кандыдаты ў масках без усялякіх загадаў. Вядома, пачуцце супольнасці мэтаў і інтарэсаў, якое нараджаецца вакол нас, крохкае і ўразлівае, яно не разбурыць умомант структураваны махавік змушанай і душнай нармальнасці. Яно, аднак, абяцае надзею замест атупення самоты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?