Фота Надзеі Бужан
Беларусь вядзе перамовы аб прыцягненні $3 мільярдаў знешніх рэсурсаў, заявіў міністр фінансаў краіны Максім Ермаловіч.
«Калі сумарна ўсё ацаніць, то сёння ў перамоўнай павестцы Міністэрства фінансаў і Нацбанка знаходзіцца сума, роўная $3 млрд», — цытуе Ермаловіча Interfax.by.
Фрагмент каментара міністра паказаў АНТ.
Як паведамлялася, Беларусь разлічвае на маштабнае прыцягненне знешніх рэсурсаў для падтрымкі і стымулявання эканомікі ва ўмовах рэцэсіі на фоне глабальнай пандэміі каранавіруса.
У сярэдзіне красавіка першы віцэ-прэм'ер Беларусі Дзмітрый Круты ацэньваў патэнцыял запазычанняў на ўзроўні $ 2-2,5 млрд.
Раней таксама паведамлялася, што Беларусь вядзе перамовы аб прыцягненні рэсурсаў практычна з усімі асноўнымі міжнароднымі фінінстытутамі — МВФ, СБ, ЕБРР, ЕІБ, АБІІ. Таксама пачаты перамовы з Кітаем аб прыцягненні дзвюх суверэнных пазык.





