Сёння журналісту-фрылансеру з Глыбокага Змітру Лупачу патэлефанавалі з міліцыі і сказалі, каб ён сёння ж явіўся ў пастарунак для адбыцця пакарання — 10 сутак адміністрацыйнага арышту, прызначанага Глыбоцкім раённым судом 11 мая, піша БАЖ.

Тады пасля судовага слухання журналіст адчуў сябе дрэнна, з будынку суда яго забрала хуткая дапамога, некалькі дзён ён правёў у рэанімацыі. Паводле судовай пастановы, якую Змітру Лупачу ўручылі 13 мая, суд зрабіў адтэрміноўку адбыцця пакарання, прыняўшы да ўвагі пагаршэнне ў яго стану здароўя.

Услед за тэлефанаваннем да Змітра Лупача прыехаў старшы лейтэнант міліцыі Шаркаўшчынскага РАУС Уладзімір Чапулёнак і склаў на яго чарговы пратакол паводле артыкула 22.9 КаАП. Гэтым разам падставай стаў сюжэт на тэлеканале «Белсат» пра сітуацыю з каранавірусам у Шаркаўшчыне.

Міліцыянт паведаміў, што разгляд справы прызначаны на 26 мая а 10.00 у Шаркаўшчынскім раённым судзе.

«Напэўна, вырашылі «дабіць», як гэта было з Кастусём Жукоўскім, Вольгай Чайчыц і Андрэем Козелам, якім прыйшлося з’ехаць з краіны, — разважае Зміцер Лупач. — Ці ўладам не падабаецца, што ў невялікім горадзе Глыбокае, насельніцтва якога не дасягае ста тысяч, працуе карэспандэнцкі пункт «Белсата».

А зранку 15 мая Зміцер Лупач накіраваў у Віцебскі абласны суд касацыйную скаргу на рашэнне Глыбоцкага раённага суда.

Нагадаем, 11 мая суддзя Глыбоцкага раённага суда Дзмітрый Тарасевіч прызнаў Змітра Лупача вінаватым у парушэнні двух артыкулаў Адміністрацыйнага кодэкса. За супрацу з тэлеканалам «Белсат» суддзя вынес штраф у памеры 45 базавых велічынь паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). А за сустрэчу з блогерам Сяргеем Ціханоўскім журналіста абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і пакаралі арыштам на 10 сутак.

Пасля судовага пасяджэння Змітра Лупача з гіпертанічным крызам адвезлі ў Глыбоцкую раённую бальніцу. Там ён праляжаў у рэанімацыйным аддзяленні да 13 мая. У той дзень яго выпісалі з рэанімацыі, прапанавалі паляжаць у тэрапеўтычным аддзяленні, але Зміцер вырашыў працягнуць лячэнне дома.

13 мая да яго прыехалі глыбоцкія міліцыянты, уручылі яму пастанову суда, а таксама папрасілі напісаць распіску, што ён сам добраахвотна з’явіцца ў панядзелак 18 мая для адбыцця пакарання.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?