Янка Купала. Выбраныя творы
«Лімарыус», 2020.
Кніга выбраных твораў Янкі Купалы мае на мэце прадставіць чытачу нечаканага класіка ў сучасным прачытанні. Выданне дапоўнена літаратуразнаўчымі каментарамі да кожнага твора, кароткім летапісам жыцця і творчасці, мемуарнымі сведчаннямі, невядомымі крытычнымі артыкуламі.
Выданне адрасавана школьнікам, студэнтам, выкладчыкам беларускай літаратуры.
Укладальніца — Ганна Севярынец.
Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня: 100 вершаў.
«Мастацкая літаратура», 2020.
У кнігу класіка ўвайшло 100 выбраных твораў, многія з якіх папоўнілі залаты фонд беларускай культуры і вывучаюцца ў школе.
Укладальнік — Віктар Шніп.
Кандрат Крапіва. Шлях да неўміручасці: успаміны, эсэ
«Мастацкая літаратура», 2020.
Чарговая кніга серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» прысвечана памяці Кандрата Крапівы. Выданне ўкладзена яго ўнучкай, кандыдатам мастацтвазнаўства Аленай Атраховіч.
У кнізе змешчаны ўспаміны блізкіх Кандрата Крапівы, а таксама тых, хто даследаваў яго творчы і жыццёвы шлях. У выданні адлюстраваны малавядомыя факты, старонкі радаводу, раскрыта творчая лабараторыя пісьменніка.
Францыск Скарына ў дакументах і сведчаннях
«Беларуская навука», 2020.
Выданне змяшчае ўсе вядомыя на сёння дакументы і матэрыялы, якія асвятляюць жыццё і дзейнасць беларускага першадрукара Францыска Скарыны і яго сям’і за 1492— 1605 гады. Выданне ўтрымлівае дакументы і сведчанні з архіваў Рыма, Ватыкана, Падуі, Берліна, Магдэбурга, Прагі, Тршэбані, Варшавы, Кракава, Познані, Масквы, Вільні, Рыгі.
Адрасуецца спецыялістам, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, лёсам і творчасцю вялікага Палачаніна.
Укладальнік — Алесь Жлутка.
Крэва: гісторыя, археалогія, культурная спадчына
«Беларуская навука», 2020.
Змешчаныя ў зборніку матэрыялы тычацца праблем балта-славянскіх кантактаў, гісторыі Крэўскага замка і мястэчка ў перыяд позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу, падзей Першай сусветнай вайны ў Крэве, гісторыі мястэчка ў міжваенны перыяд; асобна прадстаўлены матэрыялы, звязаныя з князем Даўмонтам.
Укладальнік — Алег Дзярновіч.
Філаматы і філарэты: творчы лёс пакалення ў гісторыі і сучаснасці
«Беларуская навука», 2020.
У зборнік уключаныя даклады ўдзельнікаў міжнародных навуковых чытанняў «Філаматы і філарэты: творчы лёс пакалення ў гісторыі і сучаснасці (да 200-годдзя ўтварэння таварыства)», якія адбыліся ў 2017 годзе.
Укладальнікі — Ігар Капылоў, Ірына Багдановіч.
Зборнік разлічаны на шырокае кола чытачоў.
Тафсіры, кітабы і хамаілы з прыватных кнігазбораў Беларусі
«Беларуская навука», 2020.
У час навуковых экспедыцый 2016—2018 г. былі выяўлены звыш двухсот беларуска-татарскіх рукапісаў XVII—XXI стст., што знаходзяцца ў прыватным уладанні на тэрыторыі Беларусі. Зроблены іх электронныя копіі, на падставе якіх апісваюцца дваццаць восем найбольш каштоўных дакументаў: два тафсіры, пятнаццаць кітабаў, дзесяць хамаілаў і рукапіс пад умоўнай назвай «Асновы веры».
Укладальнік — Міхаіл Тарэлка.
Набыць гэта ды іншыя новыя выданні і бестселеры можна ў кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, 72).
РУП «Акадэмічная кніга» УНП 101462648





