Каб паставіць побач з Мікалаеўскай царквой у Крычаве царкоўную краму, настаяцель знёс частку Замкавай гары, якая мае гістарычную і культурную каштоўнасць.
У выніку яго аштрафалі на 25 базавых велічынь (675 рублёў) — за самавольнае будаўніцтва.
Мікалаеўская царква ў Крычаве стаіць на Замкавай гары. Фота mogeparhia.by.
У Крычаўскім райвыканкаме «Нашай Ніве» расказалі, што з іерэям Ігнатушкам размовы вяліся не раз.
«Яшчэ ў 2016 годзе паведамілі бацюшку, як праводзіць работы, які алгарытм. Калі ў нас праходзіла газіфікацыя дзвюх вуліц на аналагічнай гары, я яму на прыкладзе паказваў, колькі трэба пахадзіць па інстанцыях, атрымаць дазволы», — успамінае галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры і будаўніцтва Крычаўскага райвыканкама Аляксандр Зайцаў.
Замчышча, на якім стаіць царква, узгадваецца ў пісьмовых крыніцах з ХІІ стагоддзя. Адсюль зараджаўся горад. У 1980-я, падчас раскопак, на замчышчы былі знойдзены ўнікальныя артэфакты. Напрыклад, залаты ўгорскі дукат — рэдкая манета.
Пасля — развал Савецкага Саюза, было не да археалогіі. Цяпер жа культурны слой парушаны, знесена некалькі метраў вала — праз будаўніцтва, якое самавольна распачаў іерэй Ігнатушка.
«Яшчэ б нічога, каб там планавалася паставіць памяшканні, дзе б адпраўляліся абрады. Дык не — царкоўная крама, камерцыйны складнік! — абураецца Аляксандр Зайцаў. — Такое адчуванне, што яны хочуць мінімізаваць заканадаўчыя моманты, парушаючы ўсё і ўся».
Цяпер будаўнічыя работы побач з царквой спыненыя.





