Літва разлічвае, што Украіна далучыцца да яе ініцыятывы і адмовіцца ад закупак электраэнергіі, якую пасля завяршэння будаўніцтва будзе вырабляць Беларуская атамная электрастанцыя (БелАЭС). Пра гэта ў панядзелак падчас гутаркі з украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім заявіў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, піша tass.ru.

Літоўскі бок ужо ўзнімаў гэтае пытанне падчас візіту Зяленскага ў Вільню ў лістападзе мінулага года. Украінскі лідар тады адказаў, што абмяркуе гэта з міністрам энергетыкі, аднак канчатковае рашэнне Кіеў пакуль не абвясціў.

Літва лічыць БелАЭС небяспечнай. Сейм абвясціў БелАЭС пагрозай нацыянальнай бяспецы, а таксама забараніў куплю і экспартны пропуск яе электраэнергіі праз свае электрасеткі. У гэтым аспекце Вільня спадзяецца на салідарнасць краін Балтыі, Польшчы і Украіны.

У Беларусі адзначаюць, што прэтэнзіі Літвы да БелАЭС у Астраўцы ляжаць у палітычнай плоскасці. Першы блок БелАЭС плануецца запусціць у гэтым годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0