Брытанскі рок-гурт «Ролінг Стоўнз» упершыню з 2012 года выпусціў новы сінгл. Кампазіцыя Living In A Ghost Town («Жыццё ў горадзе-прывідзе») адсылае да пандэміі каранавіруса, а запісаная яна была ва ўмовах каранціну ў Брытаніі.
Сэр Мік Джагер спявае радкі, якія можна перавесці, як «жыццё было прыгожае, але цяпер мы ўсе ў лакдаўне / Я быццам прывід, які жыве ў горадзе-прывідзе».
У заяве гурта гаворыцца, што песню пачалі запісваць яшчэ год таму, але скончылі працаваць над ёй ужо ва ўмовах ізаляцыі.
У кліпе на песню можна ўбачыць апусцелы Лондан і іншыя гарады.
Апошні новы альбом «Ролінг Стоўнз» пад назвай A Bigger Bang выйшаў у 2005 годзе.