kremlin.ru

kremlin.ru

Віктар Марціновіч на budzma.by разважае пра дачыненні Расіі і Беларусі, якія падчас пандэміі зрабіліся краінамі-антаганістамі.

Мы бачым, як да традыцыйных праблемных тэм у дачыненнях Расіі і Беларусі: нафты, газу, транзіту, аб’яднання грашовых сістэм — вось проста цяпер далучаецца яшчэ адна — каранавірус. Любое палітычнае аб’яднанне, калі яно існуе хаця б неяк, мусіць праяўляць сябе ў крытычныя моманты. Саюзнікі, калі яны сапраўды саюзнікі, мусяць не сабачыцца, а дапамагаць адно аднаму.

Замест гэтага мы бачым, як ТГ-каналы «рускага свету» пераходзяць у наступ на Беларусь па «віруснай тэме», у Беларусі блогеры задаюцца пытаннем, ці не будзе з боку Масквы ўводу «медычных войскаў», рэкрутаваных з «ветлівых людзей», а афіцыйныя асобы Беларусі даюць вось такія інтэрв’ю.

Прабачце, але з Кітаем у Расіі (і ў Беларусі з Кітаем!) супольна супрацьстаяць выклікам віруса атрымліваецца лепей, чым з РБ. Пры тым, што Кітай — відавочны канкурэнт Расіі і «саюзных дамоваў» з ёй не падпісваў.

Шмат хто ўжо зазначаў, што «вірусны крызіс-2020» падзеліць мапу свету разчэй, чым Першая сусветная вайна, і контуры новых падзелаў можна ўбачыць ужо цяпер. І пра адно можна казаць цалкам пэўна: бліжэй адна да адной Расія і Беларусь не зробяцца. Хутчэй наадварот.

Чаму так адбылося?

Спачатку Беларусь не магла «дараваць» Расіі занадта «самастойнай» палітыкі з закрыццём межаў.

Я не ведаю, ці праводзіліся нейкія кансультацыі па супольнай памежнай палітыцы падчас эпідэміі, ці была спроба выпрацаваць адзіныя падыходы, якія мы бачым у краінах Шэнгенскай зоны. Калі не праводзіліся, вялікае пытанне чаму. І навошта тая адкрытая мяжа, калі яна закрыецца адразу ж, як чорт хвастом лясне.

Але ў бягучы момант Расія і Беларусь зрабіліся краінамі-антаганістамі ў пытанні палітыкі супрацьстаяння віруснай пагрозе. Няма ў свеце больш адрозных мераў, чым тыя, якія проста цяпер прымаюцца ў Маскве і ў Мінску. Маскву закрываюць на ўезд, выстаўляюць кардоны па перыметры, у Маскве людзей затрымліваюць за выгул сабак, у Беларусі чарговым разам заяўляюць, што каранавірус — «псіхоз», які да таго ж ужо «згортваецца».

Што цікава, людзі енчаць і ў Беларусі, і ў Расіі. Ісус Вараб’ёў зрабіўся такім самым сцягам маскоўскіх лібералаў, незадаволеных лакдаўнам, як тая віцебская доктарка, якую выклікалі ў пракуратуру ў Беларусі, — для беларусаў. І пытанне толькі ў тым, хто тут — Лукашэнка ці Пуцін — мае рацыю ў нейкім канчатковым сэнсе.

Бо падсумаванне колькасці ахвяраў усё ж будзе. І калі ахвяраў стане шмат — схаваць гэта гульнямі са статыстыкай будзе немагчыма.

І паверце, тая колькасць захварэлых і ахвяр у Беларусі зробіцца ключавой тэмай у буйных дзяржаўных медыя Расіі, бо грамадзянам РФ трэба неяк растлумачыць, дзеля чаго яны былі замкнутыя мінімум два тыдні. Што Сабянін меў рацыю, а «саюзнікі» — не.

І што мяне як чалавека, што нарадзіўся ў Беларусі і з’яўляецца беларускім грамадзянінам, турбуе ў гэтым супрацьстаянні «саюзных» падыходаў — дык гэта велізарныя чэргі з «хуткіх», якія ўсе выхадныя стаялі на дарогах, што вядуць да лякарняў, якія прымалі каранавірусных пацыентаў у Маскве і яе наваколлі.

Яшчэ Скарына ў прадмове да кнігі «Юдзіф» даў нам запавет мець «вялікую ласку» да месца, дзе ты «быў узгадаваны ў Бозе». І наступае складаны момант для любога беларуса — глядзець на маскоўскія меры і разумець, што яны адэкватнейшыя за нашы. Падлічваць: калі Ісуса Вараб’ёва затрымалі за выхад з кватэры яшчэ 4 красавіка, а чэргі з «хуткіх» з’явіліся толькі на гэтых выхадных, дык што будзе ў Беларусі праз 2 тыдні?

Ці мусіць беларускі патрыёт таксама думаць, што вірус — псіхоз і лячыцца трэба трактарам і козачкамі?

Я не ведаю, які адсотак бравады, што выпраменьваюць беларускія найвышэйшыя чыноўнікі, паходзіць ад жадання пераадолець уласныя БССРаўскія комплексы непадпарадкавання Маскве. І як нагадаць гэтым людзям, што лакдаўн быў не толькі ў Расіі, але і ў Еўропе і шмат дзе прывёў да добрай дынамікі.

І што адмяніць парад — не сорамна.

Што СССР ужо распаўся, прычым даўно. І што «браты», «сябры», «саюзнікі» — гэта тыя людзі, якія мусяць супольна супрацьстаяць навале. Калі б Другая сусветная, якую вы ўвесь час згадваеце, здарылася б цяпер, вы б змагаліся ў ёй, адгарадзіўшыся адно ад аднаго межамі, спаборнічалі ў лічбах стратаў, а пасля зноўку абвяшчалі сябе братамі па зброі?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?